BE RU EN

Беларусі пагражаюць новыя санкцыі ЗША за выкарыстанне прымусовай працы

  • 28.07.2015, 8:46

Злучаныя Штаты пагоршылі ацэнку Беларусі ў штогадовым дакладзе аб гандлі людзьмі і прымусовай працы

Дакумент ахоплівае 188 краін і аналізуе іх намаганні ў справе барацьбы з рознымі формамі эксплуатацыі насельніцтва, паведамляе «Радыё Свабода».

Узровень, які займае ў ім Беларусь, быў зніжаны з другога да трэцяга праз тое, што афіцыйны Менск не ў стане распачаць эфектыўныя намаганні для выканання мінімальных стандартаў для барацьбы з гандлем людзьмі ў 2014 годзе.

У справаздачы гаворыцца, што ўрад краіны «прадаўжае практыку правядзення суботнікаў, якая патрабуе ад супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў, дзяржаўных прадпрыемстваў і многіх прыватных прадпрыемстваў працаваць у пэўныя суботнія дні і аддаваць свае даходы на фінансаванне дзяржаўных праектаў». «Дзяржаўныя працадаўцы і ўлады запалохвалі і штрафавалі рабочых, якія адмовіліся ўдзельнічаць у іх», - гаворыцца ў дакладзе.

Паніжэнне статусу Беларусі ў справаздачы таксама тлумачыцца тым, што афіцыйны Менск «не дэманструе намаганняў для скарачэння попыту на камерцыйны сэкс і прымусовую працу».

Трэці ўзровень, на якім цяпер, згодна з дакладам, знаходзіцца Беларусь, можа прывесці да санкцый у дачыненні да краіны, прынамсі, да скасавання дапамогі, не звязанай з замежным гандлем, а таксама спынення фінансавання ўдзелу дзяржаўных службоўцаў у праграмах сферы культуры і адукацыі.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў у лісце, апублікаваным разам са справаздачай 27 ліпеня, што «гандаль людзьмі з'яўляецца абразай чалавечай годнасці і замахам на свабоду». «Ці гаворым мы аб продажы жанчын і дзяцей тэрарыстамі на Блізкім Усходзе, ці аб сэкс-гандлі дзяўчатамі, якіх завабліваюць са сваіх дамоў у Цэнтральнай Еўропе, эксплуатацыі сельскагаспадарчых рабочых у Паўночнай Амерыцы, або заняволенні рыбакоў у Паўднёва-Усходняй Азіі, - у кожнай ахвяры гэтага злачынствы ёсць імя, - нагадаў Кэры, - У кожнага з гэтых людзей былі адабраныя самыя асноўныя правы чалавека».

Пасля публікацыі справаздачы прэзідэнт ЗША Барак Абама мае 90 дзён для пастановы ў дачыненні да краінаў, якія перайшлі на трэці ўзровень.

Апошнія навіны