BE RU EN

Бунт кітайцаў у Добрушы стаў неспадзяванкай для іхняга кіраўніцтва

  • 2.07.2015, 18:04

У прадстаўніцтве карпарацыі «Сюань Юань» сказалі, што для іх паход кітайскіх рабочых у Менск стаў нечаканым.

«Наўрад ім не выплацілі заробкі. Мусібыць, гэта не так», - адказалі прадстаўнікі карпарацыі ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».

На пытанне, чаму кітайскія рабочыя ідуць пешшу ў кітайскае пасольства ў Менск, прадстаўнік карпарацыі растлумачыў: «Мабыць, яны хочуць пагутарыць з паслом, таму ідуць у амбасаду. Напэўна, так».

- Гэта значыць, яны не патлумачылі прычыны?

- Не, не патлумачылі. Што адбылося, складана сказаць, пакуль разбіраемся ў сітуацыі. Сітуацыя няпростая. Магчыма, нехта з іх быў часткова пакараны за нейкія парушэнні працоўнай дысцыпліны, тэхнікі бяспекі. Тут жа ёсць метадалогія рабочых штрафаў. Разбіраемся, што адбылося. Для нас саміх гэта неспадзеўка.

- А дзе яны працавалі?

- На Добрушскай фабрыцы ідзе будаўніцтва аб'екта. Будуецца вялікі комплекс для вырабу кардону. Яны ўсе будаўнікі. Спрабуем самі разабрацца, чаму ж яны так павялі сябе. Незразумелая сітуацыя. Якія патрабаванні ў іх - няясна. Яны неяк пайшлі арганізавана. Заробкі ім выплачваліся. Яны пайшлі сёння раніцай. Будаўніцтва не спыненае, працягваецца. Ёсць пэўныя тэрміны, і ў іх трэба ўкладвацца. Будоўлю ніхто не спыніць.

На Добрушскай папяровай фабрыцы сітуацыю пакуль не каментуюць і раяць звяртацца да кітайцаў.

Апошнія навіны