BE RU EN

Міністр фінансаў Грэцыі: Мы не можам друкаваць драхмы

  • 2.07.2015, 14:39

Грэцыя не можа вярнуцца да друку драхмаў, бо ў краіне больш няма адпаведных друкаваных станкоў.

Пра гэта заявіў міністр фінансаў краіны Яніс Варуфакіс, паведамляе расейская служба BBC.

Як растлумачыў чыноўнік, у 2000 годзе, калі Грэцыя ўвайшла ў еўразону, улады краіны паспяшаліся пазбавіцца ад станкоў для друку драхмаў, бо былі ўпэўненыя, што цяпер у краіне заўсёды будзе ў абарачэнні адзіная еўрапейская валюта. «Мы знішчылі ўсе станкі - цяпер у нас іх не засталося», - сказаў Яніс Варуфакіс у інтэрв'ю аўстралійскай радыёстанцыі ABC.

Раней паведамлялася, што вяртанне Грэцыі да ранейшай нацыянальнай валюты магчымае ў выпадку яе выхаду з еўразоны праз нязгоду з умовамі Еўразвязу.

Экспэрты асцерагаюцца, што рэанімаваная драхма пачне хутка губляць ў кошце, што прывядзе да небяспекі інфляцыі, бо цэны на імпарт пачнуць расці.

Таксама могуць узнікнуць складанасці з фінансавым бокам кантрактаў пры ўзаемным разліку ў розных валютах.

Апошнія навіны