BE RU EN

Лукашэнка падпісаў сакрэтны ўказ аб прадпрыемствах

  • 1.07.2015, 14:53

Дыктатар падпісаў шэраг указаў аб стабілізацыі фінансавага становішча буйных прамысловых прадпрыемстваў краіны.

Згодна з указам №280, Менскаму трактарнаму заводу нададзенае права правесці эмісію аблігацый у суме, якая не перавышае 150 млн даляраў, піша БелаПАН.

У той жа час паводле ўказа №282 Менскі трактарны завод атрымаў права на растэрміноўку да 22 кастрычніка 2015 года ў выплаце запазычанасці па ПДВ у суме 59,5 млрд рублёў.

Пры гэтым ва ўказе сказана, што сродкі, якія з'явіліся ў сувязі з растэрміноўкай, і павінны быць накіраваныя заводам на папаўненне ўласных абаротных сродкаў.

Таксама Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім дзяржпадтрымка надаецца яшчэ аднаму буйному машынабудаўнічаму прадпрыемству - «Гомсельмашу».

Згодна з указам №281 Міністэрству фінансаў даручана выпусціць аблігацыі на суму 425,8 млн даляраў, якія павінны выкупіць камерцыйныя банкі. У адпаведнасці з указам удзельнікам холдынгу «Гомсельмаш» да 1 жніўня са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія паступілі ад размяшчэння даўгавых папер, павінны быць выдадзеныя бюджэтныя пазыкі ў далярах з штоквартальнай выплатай адсоткаў за карыстанне імі ў суме 7% гадавых.

Згодна з указам, вяртанне бюджэтных пазык будзе праводзіцца з 1 ліпеня 2016 г. да 30 чэрвеня 2022 штогод у сумах не меншых за 50 млн даляраў (у 2016 - не меншых за 25 млн даляраў).

Варта адзначыць, што акрамя згаданых дакументаў Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў указ №284, які носіць напаўсакрэтны характар і прадугледжвае захады, накіраваныя на «стабілізацыю фінансава-эканамічнага стану асобных прамысловых арганізацый».

Восем пунктаў згаданага ўказу маюць грыф «для службовага карыстання».

У адкрытым варыянце названага ўказа ўтрымліваюцца толькі захады, якія прадугледжваюць павелічэнне ўнутранай дзяржпазыкі Беларусі на 9 трлн рублёў. Акрамя гэтага, на 7 трлн рублёў, згодна з указам, плануецца павялічыць дзяржпазыку, гарантаваную ўрадам.

Апошнія навіны