BE RU EN

Менгарвыканкам абавязаў усе менскія рэстарацыі падаваць дранікі

  • 9.06.2015, 18:03

Менгарвыканкам абавязаў аб'екты грамадскага харчавання гатаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні.

Як паведамілі БелаПАН ва ўправе гандлю і паслуг, "намеснік старшыні Менгарвыканкама Андрэй Дамарацкі даў даручэнне ўсім суб'ектам гаспадарання Менска, якія выконваюць паслугі ў сферы грамадскага харчавання, забяспечыць у сваіх аб'ектах (за выключэннем рэстарацый, якія спецыялізуюцца на гатаванні страў нацыянальных кухняў іншых народаў) абавязковую наяўнасць у меню старонкі страў беларускай нацыянальнай кухні".

Як адзначылі ва ўправе, гэтая пастанова прынятая "ў мэтах падвышэння якасці абслугоўвання насельніцтва і гасцей сталіцы, папулярызацыі беларускай нацыянальнай кухні, захавання традыцый паўнавартаснага гарачага харчавання".

Адначасова Менгарвыканкам выйшаў з хадайніцтвам перад Міністэрствам гандлю Беларусі аб замацаванні гэтай ініцыятывы на заканадаўчым узроўні.

Як паведамлялася раней, з 8 да 14 чэрвеня ў Менску праходзіць тыдзень беларускай кухні. У мерапрыемстве бяруць удзел амаль 100 аб'ектаў грамадскага харчавання.

Апошнія навіны