BE RU EN

Расея аддае Кітаю на 50 гадоў сотні тысяч гектараў сваіх зямель

  • 5.06.2015, 19:14

Да 2018 года кітайцы атрымаюць 115 тысяч гектараў, а пачынаючы з 2019 - яшчэ 200 тысяч.

Забайкальскія ўлады падпісалі пратакол аб намерах з Чжэцзянскай інвестыцыйнай кампаніяй «Хуаэ Сінбан», якая ахвочая ўкласці 24 млрд рублёў у развіццё сельскай гаспадаркі, паведамляюць «Беларускія навіны».

Як паведамляе ІА «Чита.Ру», кітайскай кампаніі плануецца аддаць 115 тысяч га сяльгасзямель пад асваенне ў доўгатэрміновую арэнду на тэрмін да 49 гадоў і пустую Магайтуйскую прамысловую зону ў якасці базы. Пазней кітайцы могуць атрымаць яшчэ 200 тысяч га.

Паводле афіцыйных звестак улад, кітайцы плануюць стварыць сельскагаспадарчыя вытворчасці на абложных ворных землях і невыкарыстоўваных пашах і сенажацях.

Так, у Нерчынск-Заводскім, Улетаўскім і Шылкінскім раёнах плануецца асваенне па 10 тысяч га абложных зямель пад збожжавыя і кармавыя культуры, а таксама свінагадоўлю, жывёлагадоўлю і сельгасперапрацоўку. У Срэценскім раёне кітайцы маюць намер асвоіць 35 тысяч га абложных зямель, а ў Магайтуйскім - 50 тысяч га пашы.

Расейска-кітайскія супольныя прадпрыемствы будуць арыентаваныя як на ўнутрырэгіянальныя, так і міжнародныя рынкі, у тым ліку кітайскі. Інвестар плануе вырошчваць кармавыя, збожжавыя, алейныя ды іншыя культуры, а таксама зёлкі для фармакалогіі, развіваць прамысловую жывёлагадоўлю, птушкагадоўлю, мясную жывёлагадоўлю.

Тэрміны рэалізацыі першага этапу - 2015-2018 гады. На другім этапе - з 2019 года - плануецца магчымасць перадачы кітайскім партнёрам яшчэ 200 тысяч га.

Апошнія навіны