BE RU EN

Палякі падпісалі «Дэкларацыю салідарнасці з Украінай»

  • 30.06.2015, 22:05

Дэкларацыю падпісалі ў Любліне прадстаўнікі рэгіянальных улад, вышэйшых навучальных устаноў, бізнэс-колаў і няўрадавых арганізацый Польшчы.

"На фоне ваеннай трагедыі трэба дэманстраваць салідарнасць і дапамагаць у духу найлепшых традыцый польска-ўкраінскага добрасуседства", - гаворыцца ў Люблінскай дэкларацыі салідарнасці з Украінай.

Яе падпісанты абавязаліся, ад уласнага і ад імя сваіх арганізацый, якія яны прадстаўляюць, рэалізаваць праграму "Разам з Украінай". Яе мэта - "шматразовае павелічэнне эфэктаў гуманітарнай дапамогі і дапамогі ў мэтах развіцця", перадае Polskie radio.

"Патрэбная мабілізацыя ўсяго грамадства, каб даваць жыхарам Украіны рознабаковую дапамогу, каб да гэтай дапамогі далучаліся шырокія колы людзей", - адзначыў маршал Люблінскага ваяводства Славамір Сасноўскі.

Рэктар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Антоні Дэмбіньскі паведаміў, што ў гэтай ВНУ вучыцца 650 студэнтаў з-за мяжы, з якіх 3/4 - гэта ўкраінцы. "Мы стараемся даць стыпендыі гэтым студэнтам, веру, што дэкларацыя павялічыць шанцы такіх магчымасцяў", - падкрэсліў Дэмбіньскі.

Дэкларацыю падпісалі Люблінскі ваявода Войцех Вільк, прэзідэнт Любліна Кшыштаф Жук, а таксама рэктары люблінскіх універсітэтаў, няўрадавых арганізацый і прадпрымальніцкіх колаў.

У Любліне ўжо даўно праходзяць зборы прадуктаў, лекаў, сродкаў гігіены, побытавай хіміі, адзення для Украіны. Дапамогу можна прыносіць, сярод іншага, у цэнтры абслугоўвання грамадзян гарадской адміністрацыі.

Апошнія навіны