BE RU EN

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» выйшаў на волю пасля 10 дзён арышту

  • 30.06.2015, 18:45

Учора ўвечары скончыліся 10 дзён адміністрацыйнага арышту, прызначаныя каардынатару грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» за акцыю салідарнасці з Юрыем Рубцовым.

Максім Вінярскі быў вызвалены на волю з ізалятара часовага ўтрымання Менскага раёна а 21.30 у панядзелак, 29 чэрвеня. Адміністрацыя ІЧУ пастанавіла выпусціць актывіста не праз галоўны ўваход, дзе яго чакалі сябры і сваякі, а праз бакавы.

Максіму Вінярскаму не быў вернуты фотаапарат, канфіскаваны падчас арышту, аб чым ёсць запіс у пратаколе затрымання. Таксама ў пастанове аб распачынанні адміністрацыйнай справы адзначана, што флэш-карта ад фотаапарата «падлягае знішчэнню».

Нагадаем, што Максім Вінярскі разам з двума іншымі актывістамі кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Леанідам Кулаковым і Сяргеем Мацкойць, былі затрыманыя 20 чэрвеня на выездзе з вуліцы Лагойскі тракт ў Менску. Падставай для арышту паслужыла вывешванне банэра «Свабоду Рубцову!» На мосце каля гіпермаркета «Гіпа».

Максім Вінярскі быў прысуджаны да 10 дзён адміністрацыйнага арышту (ч.3 арт.23.34 КаАП, суддзя М. Гарэлаў), Сяргей Мацкойць - да 5 дзён (ч.1 арт.23.34 КаАП, суддзя С. Ткачук). Суд над трэцім актывістам - Леанідам Кулаковым - быў перанесены на 23 чэрвеня пасля хадайніцтва адваката аб выкліку сведак. Пасля актывіст таксама быў асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту, але пад варту не ўзяты.

Апошнія навіны