BE RU EN

Генпракуратура РФ праверыць законнасць прызнання незалежнасці краін Балтыі

  • 30.06.2015, 14:24

Генпракуратура Расеі пачала праверку законнасці прызнання незалежнасці рэспублік Прыбалтыкі Дзяржсаветам СССР у 1991 годзе.

Пра гэта паведаміла "Інтэрфаксу" ў аўторак крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

"Юрыдычна пастанова аб прызнанні незалежнасці краін Балтыі недасканалая ў сувязі з тым, што яна прымалася неканстытуцыйным органам", - пракаментаваў суразмоўца агенцтва адпаведны дэпутацкі запыт у галоўную наглядную ўстанову.

На ягоную думку, адказ на гэты зварот "будзе аналагічны запыту аб Крыме". Крыніца агенцтва нагадала, што Генпракуратура РФ ужо прызнала незаконнай пастанову аб перадачы ў 1954 годзе Крыма са складу РСФСР у склад Украіны, аднак, з ягоных слоў, гэта пастанова не мае рэальных прававых наступстваў.

"Генпракуратура РФ толькі канстатавала факт, а менавіта тое, што перадача Крыму Украіне ў часы Мікіты Хрушчова адбылася не на канстытуцыйнай аснове, бо адпаведныя пастановы прымаліся не паўнамоцнымі органамі ўлады", - растлумачыў суразмоўца агенцтва.

З ягоных слоў, "у цяперашніх варунках і рэаліях няма таго ўладнага органа, які мог бы скасаваць гэтую пастанову". "Хоць такой неабходнасці ўжо і няма. Крым зноў знаходзіцца ў складзе Расеі, і пытанне перайшло ў палітычную плашчыню", - падкрэсліла крыніца.

Разам з тым яна мяркуе, што адказ Генпракуратуры на запыт павінен быць "больш узважаным". "Прызнаючы незаконнымі тыя ці іншыя лёсавызначальныя пастановы, можна зайсці занадта далёка - аж да праблемы легітымнасці стварэння СССР і іншых дзяржаў", - адзначыла крыніца.

Таму, мяркуе яна, пры прыняцці такіх пастаноў паводле дэпутацкіх запытаў "трэба ўлічваць не толькі прававы, але і палітычны аспект пастаўленых пытанняў".

Апошнія навіны