BE RU EN

Пасля «Расейскага духу» гомельскі бар прапанаваў кліентам кактэйль «Халакост»

  • 3.06.2015, 17:53

У гомельскім бары «Рэд Паб» наведвальнікам прапануецца кактэйль пад назвай «Халакост».

Каштуе гэты напой з міксу лікёраў, самбукі і тэкілы блізу 120 тысяч беларускіх рублёў, паведамляе «Радыё Рацыя».

Гамяльчанка Ксенія Чындарава была шакаваная, калі ўбачыла ў карце алкагольных напояў кактэйль «Халакост». «Як такая назва магла каму прыйсці ў галаву?», - абураецца Ксенія.

Дзяўчына сцвярджае, што ніколі б не пайшла ў гэтую кавярню, калі б не інтэлектуальнае шоў для гомельскай моладзі «Мазгабойня», якое стала праводзіцца ў памяшканнях «Рэд паба».

Са слоў Ксеніі, раней яна ставілася да «Рэд Пабу» даволі прыязна, бо там адна з найлепшых кухняў у горадзе і добрае абслугоўванне. Аднак пасля гэтага бар рызыкуе страціць прынамсі адну сталую кліентку.

Гомельскі «Рэд Паб» - даволі папулярнае сярод гараджан месца для альтэрнатыўнага адпачынку. Перыядычна на сцэне бара выступаюць некаторыя беларускамоўныя групы.

А ў пачатку красавіка там праходзіла вечарынка пад назвай «Расейскі дух», падчас якой ды-джэі апраналіся ў расейскія нацыянальныя строі, моладзь фатаграфавалася побач з гіганцкай матрошкай, наведвальнікі выпівалі гарэлку і закусвалі салёным агурком пад гукі папсы.

Апошнія навіны