BE RU EN

Супрацоўнікі «Бутыркі» знішчылі дакументы паводле справы Магніцкага

  • 3.06.2015, 14:18

Адміністрацыя СІЗА N2 Масквы знішчыла шэраг дакументаў, звязаны са знаходжаннем аўдытара брытанскага фонду Hermitage Capital у гэтай установе.

Пра гэта начальнік «Бутыркі» Сяргей Цялятнікаў паведаміў маці Магніцкага. У знішчаных дакументах утрымліваліся звесткі аб дастаўцы Магніцкага на судовыя паседжанні, паведамляе Агенцтва бізнэс навін са спасылкай на Hermitage Capital.

У фондзе падкрэслілі, што сваякі Магніцкага неаднаразова звярталіся да прадстаўнікоў дзяржустаноў з просьбай захаваць гэтыя дакументы. У Hermitage выказалі ўпэўненасць, што ўсе, хто мае дачыненне да знішчэння гэтых папер, «павінны несці адказнасць за дзеянні, звязаныя з утойваннем і знішчэннем доказаў» паводле гэтай справы.

У арганізацыі «Праграма «Справядлівасць для Сяргея Магніцкага» паказалі, што «ў сваіх заявах, лістах і скаргах, складзеных у перыяд знаходжання ў следчым ізалятары «Бутырка», Магніцкі сведчыў аб невыносных катавальных умовах утрымання і пра здзек пры дастаўцы на судовыя пасяджэнні», паведамляе «Інтэрфакс».

Нагадаем, Магніцкага арыштавалі 24 лістапада 2008 паводле абвінавачвання ў дапамаганні ўхіленню ад выплаты падаткаў фондам Hermitage і змясцілі ў «Бутырку». 28 красавіка яго перавялі ў «Матроскую цішыню», дзе ён утрымліваўся да 25 ліпеня 2009 года, пасля чаго яго вярнулі ў «Бутырку». За час утрымання там Магніцкі дзясяткі разоў скардзіўся на катаванні падчас утрымання і адмову ў аказанні медыцынскай дапамогі.

Магніцкі сцвярджаў, што ў «Бутырцы» яму «наўмысна з ведама следства ствараюцца невыносныя ўмовы ўтрымання» з мэтай зламаць ягоную волю і дамагчыся ад яго прызнальных паказанняў паводле «надуманых абвінавачванняў», каб ён «абгаварыў сябе і іншых асоб».

13 лістапада 2009 года стан аўдытара значна пагоршыўся. 16 лістапада яго павезлі на хуткай дапамозе ў «Матроскую цішыню», дзе ён памёр пры загадкавых абставінах. Афіцыйнай прычынай ягонай смерці адразу была абвешчаная вострая сардэчна-сасудзістая недастатковасць.

Смерць юрыста выклікала моцны грамадскі рэзананс - як у Расеі, так і на Захадзе. Праваабаронцы і паплечнікі Магніцкага абвінавацілі ў яго гібелі лекараў і прадстаўнікоў сілавых ведамстваў. У лістападзе 2011 года быў апублікаваны даклад Рады правоў чалавека пры прэзідэнце РФ, у якім гаварылася, што Магніцкі памёр у выніку збіцця гумовымі дубінкамі ў СІЗА «Матроская цішыня», куды яго вазілі на абследаванне. Згодна з матэрыяламі расследавання, у здзеках над юрыстам бралі ўдзел восем супрацоўнікаў ізалятара.

Яшчэ да публікацыі дакладу ў ліпені 2011 года прадстаўнікі кіраўніцтва «Бутыркі», прынамсі, былы намеснік начальніка па лячэбна-прафілактычнай працы Дзмітрый Кратаў заяўляў, што прычынай гібелі Магніцкага стаў «моцны псіхаэмацыйны стрэс» у сувязі са знаходжаннем за кратамі, а не захворванні, якія былі ў яго. Кратаў тады не стаў каментаваць здагадкі аб катаваннях, але распавёў, што на целе загінулага заўважыў свежыя сляды ад наручнікаў, ранкі на фалангах пальцаў і сіняк на левай галёнцы.

Тады ж Следчы камітэт пасля правядзення дадатковай медыцынскай экспэртызы выставіў самому Кратаву абвінавачванне пводле артыкула «халатнасць, якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека», але ў снежні 2012 года Цвярскі суд Масквы яго апраўдаў.

Абвінавачванне ў прычыненні смерці па неасцярожнасці таксама выстаўлялася лекару-лабаранту ізалятара «Бутырка» Ларысе Літвінавай, аднак у красавіку 2012 года фонд Hermitage паведаміў аб спыненні яе крымінальнага пераследу з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці.

У сакавіку 2013 СКР спыніў крымінальную справу паводле факту гібелі Магніцкага за кратамі «за адсутнасцю падзеі злачынства». Паводле заявы ведамства, пры знаходжанні Магніцкага ў следчых ізалятарах для яго не стваралася ніякіх спецыяльных умоў утрымання пад вартай, а таксама «не аказвалася якога-небудзь ціску, не ўжываўся фізічны гвалт альбо катаванні», а ягоная смерць наступіла «ад вострай сардэчнай недастатковасці, ацёку мозгу і лёгкіх».

У тым жа годзе Цвярскі суд Масквы завочна вынес Магніцкаму прысуд паводле справы аб нявыплаце падаткаў на суму больш 522 млн рублёў шляхам фальсіфікацыі падатковых дэкларацый і незаконнага выкарыстання льгот, прызначаных для інвалідаў. Справа ў Расеі было спыненая, але ў сувязі з даказанасцю віны Магніцкага ў ягонай рэабілітацыі было адмоўлена.

Заходнія палітыкі і праваабаронцы выказалі здагадку, што Магніцкага забілі праз ягонае антыкарупцыйнае расследаванне ў дачыненні да «касты недатыкальных» высокапастаўленых расейскіх сілавікоў. У ЗША ў снежні 2012 года быў прыняты так званы «спіс Магніцкага» - закон, які ўвёў санкцыі ў дачыненні да расейцаў, якіх у Вашынгтоне палічылі датычнымі да смерці Магніцкага. У красавіку 2014 свой «спіс Магніцкага» ўхваліў Еўрапарламент.

Апошнія навіны