BE RU EN

На праспекце Незалежнасці ў Менску BMW пратараніў слуп

  • 28.06.2015, 20:36

Удар быў такой сілы, што пярэдняя частка самахода з пасажырскага боку проста змятая.

Унутры была кампанія моладзі. Паводле папярэдніх звестак, аднаго з іх забрала хуткая дапамога. Відавочцы сцвярджаюць, што гук ДТЗ больш нагадваў выбух, паведамляе onliner.by.

Кіроўца BMW рухаўся з боку вуліцы Каліноўскага ў кірунку вуліцы Філімонава. За прыпынкам грамадскага транспарту аўто паехала направа, пераскочыла бардзюр і рэзнулася ў слуп.

З найбліжэйшых крам на гучны гук павыскоквалі людзі. «Гэта быў сапраўдны выбух! Кажуць, у яго кола пярэдняе лопнула, і аўто занесла. Тры ці чатыры хлопцы былі ў самаходзе. Аднаго забрала хуткая дапамога, у яго моцна траўмаваная рука», - распавялі відавочцы.

Пярэдняе кола з пасажырскага боку вырвала. У покрыўцы дзірка, кола ляжыць ля слупа, на якім засталіся нязначныя пашкоджанні пасля сутыкнення.

Часткі самахода раскіданыя па крайняй правай паласе. Паводле папярэдняй версіі, BMW зачапіў слуп пасажырскім бокам і ад удару самаход выкінула назад на дарогу.

«Са слоў кіроўцы, ён рухаўся з хуткасцю 60 км/г. Ён сцвярджае, што аўтамабіль занесла і таму ён рэзнуўся ў слуп. На месцы працуе аператыўна-следчая група. Праводзіцца праверка. Паводле інфармацыі, пацярпеў адзін чалавек, пасажыр, хлопец 1994 года нараджэння, які знаходзіўся на пярэднім сядзенні. Папярэдне, у яго пералом пляча», - распавялі ў ДАІ Менска.

Апошнія навіны