Крушэнне верталёта ў Расеі: трое загінулых
- 27.06.2015, 17:38
У Кемераўскай вобласці верталёт урэзаўся ва ўзвышша прыроднага паходжання.
Тры чалавекі загінулі ў крушэнні верталёта Robinson, паведамляе «Интерфакс» са спасылкай на МУС рэгіёна.
Паводле звестак, пасля ўзлёту з пасёлка Цісуль Кемераўскай вобласці верталёт зачапіўся за правады. Пасля гэтага пілот пасадзіў верталёт, каб агледзець машыну. Пасля паўторнага ўзлёту падчас развароту, як мяркуецца, верталёт сутыкнуўся з нейкім узвышшам прыроднага паходжання, магчыма, з сопкай.
У выніку здарэння загінулі пілот і два пасажыры.
Нагадаем, 4 чэрвеня, у Расеі блізу палігона Ашулук разбіўся знішчальнік МіГ-29 пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту. У гэты ж дзень, на аэрадроме ў Варонежскай вобласці ў найноўшага расейскага бамбавіка Су-34 лопнула кола, пасля чаго ён перакуліўся. Паведамлялася, што гэта першае здарэнне з такім найноўшым самалётам у гісторыі ВПС РФ.
11 лютага паведамлялася, што ў Валгаградскай вобласці Расеі разбіўся бамбавік Су-24 з двума чальцамі экіпажа на борце.