BE RU EN

Спецдакладчык ААН: У Беларусі няма ўмоў для справядлівых выбараў

  • 24.06.2015, 17:22

23 чэрвеня адбылася 29 сесія пасяджэння Рады ААН правоў чалавека.

Падчас сесіі значная ўвага была нададзеная дакладу спецыяльнага дакладчыка аб Беларусі Міклаша Харашці і падаўжэнне ягонага мандата яшчэ на адзін тэрмін, паведамляе ПЦ "Вясна".

У сваім уступным слове ён заявіў, што сітуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі за год не змянілася, ніякіх прыкмет паляпшэння не назіраецца, бо беларускія ўлады не выправілі ніводнае з глыбокіх і сістэмных парушэнняў, а таксама не стварылі ўмовы для правядзення свабодных і справядлівых выбараў.Пад пагрозай былі права на свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый, правы на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы для працы, і свабоду выбару месца працы.

"Беларусь зрабіла важныя намаганні, каб паменшыць напружанасць у рэгіёне праз механізмы пасярэдніцтва. Саміт Усходняга партнёрства ў Рызе вітаў прыкметы надзеі ў дачыненнях паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю, у той час як краіна абяцала разгледзець пытанне аднаўлення дыялогу аб правах чалавека паміж ЕЗ і Беларуссю.

У той жа час, урад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць мандат Рады правоў чалавека, што стала істотным крокам назад у яго ўзаемадзеянні з міжнароднай супольнасцю.

Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не мела ніякіх прыкмет паляпшэння на працягу справаздачнага перыяду. Грамадзянам сістэматычна адмаўлялі ў многіх асноўных правах праз наўмысную камбінацыю абмежавальных законаў і злачыннай практыкі. Сітуацыя ўсё больш трывожная ў святле прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца восенню 2015", - сказаў Міклаш Харашці.

Міклаш Харашці таксама адзначыў што ў параўнанні з папярэднімі гадамі, мелі месца некаторыя пазітыўныя зрухі, напрыклад, меншая колькасць зняволеных, якія былі прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў зняволення ў якасці помсты за іх палітычную дзейнасць, а таксама "вызваленне лідара значнай праваабарончай арганізацыі".

Тым не менш, спецыяльны дакладчык заклікаў беларускія ўлады не толькі вызваліць, але і цалкам рэабілітаваць усіх палітычных апанентаў рэжыму, якія апынуліся за кратамі.

Яшчэ адной замацаванай практыкай, якая была працягнутая і нават пашыраная ў справаздачны перыяд, сталі адвольныя кароткатэрміновыя затрыманні актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў.

Нягледзячы на некаторыя крокі спрашчэння прававой сістэмы, незалежнасць судовай улады застаецца мінімальнай праз паўнамоцтвы прэзідэнта прызначаць і звальняць усіх суддзяў і пракурораў. Права на справядлівае судовае разбіральніцтва было абмежаванае ў закрытых пасяджэннях і ў выніку судовых пастаноў, якія былі ў значнай ступені заснаваныя на паказаннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у той час як сведчанні абароны ігнараваліся.

Закон аб сродках масавай інфармацыі знішчыў апошнія рэшткі свабоды слова. Улады блакавалі незалежныя вэб-сайты, а выкарыстанне Інтэрнэту ўсё часцей інтэрпрэтуецца як "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства" і караецца санкцыямі.

Дыскрымінацыя па-ранейшаму ёсць у розных галінах, ад сэксуальных меншасцяў да працоўных правоў.

У краіне, дзе ад 70 да 80 адсоткаў працоўных месцаў знаходзяцца ў дзяржаўных сектарах уласнасці, пачынаючы з мінулага года пагоршыліся ўмовы працаўладкавання. Кароткатэрміновыя кантракты сталі хутчэй правілам, чым выключэннем. Нядаўнім указам уводзяцца падаткі на ўсіх не занятых працаздольных грамадзян, а таксама карныя захады супраць тых, хто не працуе.

Спецыяльны дакладчык заклікаў Беларусь прыняць усе рэкамендацыі, зробленыя падчас універсальнага перыядычнага агляду і заняцца развязаннем усіх правоў: грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных, у адпаведнасці з прынцыпам ўзаемазалежнасці і непадзельнасці ўсіх правоў чалавека.

У адказ на гэта афіцыйны прадстаўнік Беларусі Міхаіл Хвастоў заявіў, што "мандат спецдакладчыка павінен быць скасаваны":

"Спецдакладчык для Беларусі - гэта дыскрэдытацыя ідэй дэмакратыі і правоў чалавека. Гэта палітычны праект, накіраваны на раскол нашай краіны. Гэты праект церпіць паразу. Між дакладам і рэальнай сітуацый у Беларусі пралягае прорва. Даклад мы прымаем як псэўдапраўдзівы, а таму беспадстаўны".

Еўрапейскія краіны ў сваіх дзвюххвілінных выступах падтрымалі меркаванне Міклаша Харашці і запэўнілі Раду ААН у патрэбе падоўжыць ягоны мандат як краінавага спецдакладчыка для Беларусі.

Падчас інтэрактыўнага дыялогу выступоўцы выказалі заклапочанасць з нагоды працягу пагаршэння сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку сістэматычных рэпрэсій супраць журналістаў, праваабаронцаў і палітычных апанентаў улады, цэнзуры СМІ, несвабодных і несправядлівых выбараў і ўжывання смяротнага пакарання.

Выступоўцы выказалі расчараванне з нагоды таго, што ўлады Беларусі па-ранейшаму адмаўляюцца супрацоўнічаць са спецыяльным дакладчыкам.

Еўрапейскі звяз выказаў заклапочанасць у сувязі з пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі на прыкладзе неаднаразовых парушэнняў свабоды сходаў, ціску на мірныя пратэсты, пераследу праваабаронцаў і актывістаў у галіне правоў чалавека, а таксама абмежаванняў на свабоду Інтэрнэту.

Постсавецкія краіны (Расея, Азербайджан, Таджыкістан ды інш.) наадварот заявілі, што сітуацыя ў Беларусі не апраўдвае прызначэння мандата і выступілі з крытыкай сэлекцыйнасці і палітызацыі Рады правоў чалавека.

У сваіх заключных заўвагах Міклаш Харашці, сярод іншага, заявіў:

"На працягу двух дзесяцігоддзяў Беларусь не мае апазіцыі ў парламенце, што паказвае сапраўднае аблічча беларускай парламенцкай сістэмы. Беларусь з'яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе не існуе прыватнай тэлевізіі. На існых дзяржаўных каналах павінны быць прыкметы плюралізму. Незарэгістраваныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці павінны быць зарэгістраваныя, што было б імгненным паляпшэннем".

Выступ Харашці абурыў беларускага прадстаўніка Міхаіла Хвастова. У канцы пасяджэння ён не вытрымаў і зрабіў заўвагу Старшыні.

"Спадар Старшыня, я прасіў у Вас слова аб парадку вядзення не для таго, каб прыпыніць выступ спецдакладчыка, але для таго, каб мы, хто сядзіць у зале, разумелі, колькі часу вы даяце спецдакладчыку. І я прасіў бы Вас надалей звяртаць на гэта ўвагу. Вы павінны правільна адміністраваць нашае пасяджэнне", - сказаў Хвастоў.

Нагадаем, мандат спецдакладчыка для Беларусі быў заснаваны Радай правоў чалавека ААН 5 ліпеня 2012 года, а ў верасні на гэтую пасаду быў прызначаны прадстаўнік Вугоршчыны Міклаш Харашці.

У выніку сваёй дзейнасці ён падаў справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў Раду правоў чалавека ААН і Генеральную Асамблею ААН.

Аднак беларускія ўлады адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з спецыяльным дакладчыкам, які так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь, каб вывучыць сітуацыю на месцы і ў тым ліку сустрэцца з афіцыйнымі асобамі дзяржавы: беларускія ўлады адмовілі яму ў візе.

Апошнія навіны