Суд над затрыманымі ў Італіі беларускімі заўзятарамі пройдзе праз сем месяцаў
- 18.06.2015, 12:35
Суд над футбольнымі заўзятарамі, якія былі затрыманыя ў снежні 2014 года ў Фларэнцыі, пройдзе ў лютым 2016 года.
"Паводле звестак пасольства ў Італіі, у сувязі з занятасцю суда разбіральніцтва справы перанесенае на люты 2016 года", - паведаміў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" начальнік управы інфармацыі - прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык.
З ягоных слоў, беларускія заўзятары, якія былі затрыманыя ў снежні мінулага года, знаходзяцца на волі. "Але ў іх інтарэсах прысутнічаць на судзе альбо каб іх інтарэсы прадстаўляў адвакат", - дадаў прэс-сакратар.
Як паведамлялася, 11 снежня 2014 г у Фларэнцыі перад пачаткам матчу паміж камандамі "Дынама-Менск" і "Фіярэнціна" італійская паліцыя затрымала групу беларускіх заўзятараў колькасцю 61 чалавек.
Паводле інфармацыі італійскай паліцыі, падставай для затрымання сталі агрэсіўныя паводзіны, якія выяўлялася ў хуліганскіх дзеяннях, у тым ліку і ў дачыненні да сіл аховы правапарадку. Паведамлялася, што некаторыя з заўзятараў мелі пры сабе дубінкі. У выніку 13 чалавек былі арыштаваныя, 48 - затрыманыя для высвятлення асобы. Пазней грамадзяне Беларусі былі адпушчаныя. Планавалася, што суд над імі пройдзе 15 чэрвеня гэтага года.
Матч тады скончыўся з лікам 2:1 на карысць "Дынама-Менск".