BE RU EN

Журналістаў аштрафавалі на 5,4 мільёна за рэпартаж пра забудову Фаніпаля

  • 1.06.2015, 18:00

Журналістка Вольга Чайчыц і аператар Сяргей Краўчук аштрафаваныя на 30 базавых адзінак (5 млн 400 тысяч рублёў) кожны.

Такую пастанову прыняў 1 чэрвеня суд Дзяржынскага раёна, паведамляе БелаПАН.

Чайчыц і Краўчук прызнаныя вінаватымі ў правапарушэнні, прадугледжаным часткай 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ).

На суд у Дзяржынск падтрымаць калегаў прыехалі блізу 20 журналістаў, у тым ліку старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, ягоны намеснік Міхась Янчук, прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі. Усіх ахвочых пусцілі ў залу суда, але суддзя Іна Шайко забараніла весці ў зале фота- і відэаздымку. Яна таксама адхіліла хадайніцтва Чайчыц аб вядзенні працэсу на беларускай мове.

Прычынай для складання пратакола паводле артыкулу 22.9 адміністрацыйнага кодэкса стаў сюжэт з Фаніпаля (Дзяржынскі раён Менскай вобласці) пра недапусканне здымачнай групы на грамадскае абмеркаванне генеральнага плана забудовы горада. Фаніпальскія міліцыянты, адзначае прэс-служба БАЖ, раздрукавалі тэкст і кадры сюжэту з сайта тэлеканала «Белсат» і абвінавацілі Чайчыц і Краўчука ў працы на замежны СМІ без акрэдытацыі.

Чайчыц у судзе заявіла, што толькі збірала інфармацыю, але не змяшчала яе на сайце «Белсата», бо не з'яўляецца супрацоўніцай ні гэтага, ні якога-небудзь іншага СМІ.

Апошнія навіны