BE RU EN

Барыс Жаліба: Бярэм новыя валютныя пазыкі, каб аддаць старыя

  • 8.05.2015, 15:44

Валютная запазычанасць сотні найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў складала на пачатак года блізу 10 мільярдаў даляраў.

Эканаміст Барыс Жаліба ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя» распавёў, чым гэта пагражае прадпрыемствам і дзяржаве.

«Гэта так званая карпаратыўная запазычанасць, якая ў асноўным кароткатэрміновая. Гэта тыя існыя валютныя крэдыты, якія бяруць многія прадпрыемствы, каб нешта набыць. Яны выплачваюцца, таму наогул лічба не такая ўжо і страшная. Самае найгоршае - вонкавая дзяржаўная запазычанасць. Яна - доўгатэрміновая, і яе наша эканоміка можа выплаціць паводле графіка толькі шляхам рэфінансавання. Бярэм новыя валютныя пазыкі, каб аддаць старыя», - сказаў ён.

- Чым небяспечная для эканомікі карпаратыўная запазычанасць?

- У кожным выпадку на яе трэба звяртаць увагу, бо ўжо былі прыклады ў гісторыі, калі ў некаторых краінах глыбокі эканамічны крызіс быў выкліканы не толькі вонкавымі пазыкамі, але і такімі запазычанасцямі. Бо адны прадпрыемствы разлічваюцца ў пазыках, а іншыя - праблемныя. Трэба глядзець асобна на кожнага, хто бярэ крэдыт. У стане ён аддаваць грошы ці не? І, калі не ў стане, то гэта ўжо ненармальная сітуацыя.

- У цяперашнім эканамічным стане, будзе павялічвацца карпаратыўная запазычанасць прадпрыемстваў?

- Яна расце ў залежнасці ад росту ВУП, а ў нас ён не расце. Улічваючы, што фінансавае становішча беларускіх прадпрыемстваў таксама не паляпшаецца, доля карпаратыўных вонкавых запазычанасцей у агульнай запазычанасці дзяржавы можа і павялічыцца.

Апошнія навіны