BE RU EN

БАЖ узнагародзіла пераможцаў конкурсу «Вольнае слова»

  • 7.05.2015, 15:11

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) падвяла вынікі творчага конкурсу «Вольнае слова» за 2015 год.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася 7 траўня ў Менску, паведамляе БелаПАН.

Як правіла, імёны фаварытаў гэтага штогадовага конкурсу БАЖ становяцца вядомыя на традыцыйнай цырымоніі 3 траўня - у Сусветны дзень свабоды прэсы. Аднак у гэтым годзе гэты дзень выпаў на нядзелю, таму журы конкурсу на чале з Юрыем Карманавым наважыла перанесці ўрачыстасці на 7 траўня.

Пераможцам у намінацыі «Інфармацыйны жанр» стаў карэспандэнт «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук з рэпартажам пра тое, як выданне, якое ён прадстаўляе, дапамагло вызваліць з палону васьмярых украінскіх вайскоўцаў. Другое і трэцяе месца ў гэтай намінацыі атрымалі адпаведна Лідзія Міхеева («Белoрусский журнал») і Зміцер Панкавец («Наша ніва»).

У катэгорыі «Аналітычныя жанры» найлепшым прызналі карэспандэнта глянцавага часопіса «Таймер» Паўла Свярдлова з матэрыялам пра стаўленне менскіх уладаў да веласіпедыстаў і праблемы веласіпеднай інфраструктуры ў сталіцы. Галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч і аўтар «Белoрусского журнала» Севярын Квяткоўскі занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.

Аўтар мультымедыйнага гістарычнага праекта 90's Раман Стэфаненка з матэрыялам пра незарэгістраваную спартыўна-патрыятычную арганізацыю «Белы легіён», якая дзейнічала ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, стаў пераможцам у намінацыі «Дэбют». Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Вольга Шырокаступ (IntexPress, Баранавічы) і Анастасія Роўда («Рэгіянальная газета», Маладзечна).

Аўтарам найлепшага матэрыялу ў намінацыі «Расследаванні» стаў карэспандэнт «Нашай нівы» Ягор Марціновіч з тэкстам пра чыноўнікаў, якім вылучылі дзялянкі пад будаўніцтва жылых дамоў на месцы былой вёскі Вяснінка ў прэстыжным раёне Менска. Узяўшая на сябе ролю работніцы в'етнамскай кавярні «Сайгон» на рынку ў Ждановічах карэспандэнтка «Комсомольской правды» Вольга Дэксніс заняла другое месца ў гэтай намінацыі. Спіс пераможцаў замкнула аўтарка інтэрнэт-газеты БелаПАН «Беларускія навіны» Алена Спасюк з матэрыялам пра «залатыя кампосцеры» ў грамадскім транспарце Менска.

У намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры» фаварытам прызналі карэспандэнта газеты «Новы час» Дзмітрыя Галко з матэрыялам пра ўкраінскіх абаронцаў данецкага аэрапорта, якіх празвалі кібаргамі. Сутачны «анлайн-рэпартаж» пра бітву пад Воршай 1514 прынёс карэспандэнту «Нашай нівы» Алегу Гардзіенку другое месца ў гэтай намінацыі. Трэцяе месца заняла аўтарка партала tut.by Таццяна Матвеева з тэкстам пра беларусаў, якія прайшлі праз савецкія лагеры.

Як адзначыў на цырымоніі ўзнагароджання старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, у гэтым годзе «конкурс яшчэ больш значны для журналістаў, бо цягам апошняга года праз расейска-ўкраінскі канфлікт і інфармацыйныя войны расейскіх СМІ журналісцкая прафесія некалькі дэвальваная».

У гэтым годзе на конкурс было даслана звыш 200 матэрыялаў 70 журналістаў - чальцоў асацыяцыі.

Конкурс «Вольнае слова» праводзіцца з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў СМІ, стымулявання таленавітых журналістаў, іх дзейнасці ў адстойванні прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.

Апошнія навіны