BE RU EN

Шклоўскія ўлады забаранілі правядзенне круглага стала

  • 6.05.2015, 9:04

Круглы стол улады Шклова палічылі «масавым мерапрыемствам».

Сябры грамадзянскай ініцыятывы «Шклоўскі магістрат» і Магілёўскай абласной арганізацыі РГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» накіравалі ў Шклоўскі райвыканкам ліст з прапановай аб сумесным правядзенні круглага стала аб ролі мясцовага самакіравання і гісторыі Магдэбургскага права на шклоўскай зямлі. У адказе з райвыканкама паведамілі, што трэба падаць заяўку ў адпаведнасці з Законам «Аб масавых мерапрыемствах», пасля чаго яна будзе разгледжаная і будзе вынесеная пастанова, піша сайт ПЦ «Вясна».

Як паведамляе шклоўская незалежная газета «Шклов-инфо» (№9 за травень 2015), прапанову аб сумесным правядзенні мерапрыемства ў Шклоўскі райвыканкам накіраваў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі РГА «ТБМ імя Ф. Скарыны» Яраслаў Клімуць. У адказ на прапанову ён атрымаў са Шклоўскага райвыканкама ліст, падпісаны старшынём Шклоўскага райвыканкама Аляксандрам Бойкам. У лісце старшыня райвыканкама паведаміў актывісту, што «На Ваш зварот у пытанні правядзення грамадскага круглага стала на тэму «Магдэбургскія традыцыі на Магілёўшчыне» ў Шклове 18 красавіка 2015 Шклоўскі раённы выканаўчы камітэт у адпаведнасці з артыкулам 5 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» паведамляем, што вамі не выкананыя патрабаванні ў частцы належнага афармлення заявы, а менавіта: не пазначанае пэўнае месца правядзення, крыніца фінансавання гэтага масавага мерапрыемства, імя па бацьку, дата нараджэння і грамадзянства арганізатара. На падставе вышэйпаказанага вам патрэбна падаць заяву ў Шклоўскі райвыканкам у адпаведнасці з патрабаваннямі вышэйназванага Закона, пасля чаго яна будзе разгледжаная і будзе прынятая пастанова».

Мясцовая грамадскасць чакала ад раённых уладаў кроку насустрач і прапановы аб правядзенні «мерапрыемства» ў будынку шклоўскай ратушы або ў мясцовым краязнаўчым музеі, піша «Шклов-инфо». Замест гэтага быў атрыманы незразумелы ліст з адмовай.

У выніку круглы стол, прысвечаны магдэбургскім традыцыям і мясцоваму самакіраванню на Магілёўшчыне, у якім узялі ўдзел не толькі мясцовыя грамадскія актывісты, але і госці з Магілёва, Менска і нават з Францыі, у Шклове быў усё ж праведзены ў прыватным памяшканні.

Чым перашкаджала непалітычнае мерапрыемства шклоўскім уладам, застаецца абсалютна незразумелым.

Апошнія навіны