Рэпетыцыі параду ў Менску: горад перакрыюць яшчэ чатыры разы
- 5.05.2015, 11:25
Якія вуліцы трэба аб'язджаць сёння вечарам?
Учора ўвечары ў Менску наступіў сапраўдны хаос. У корак трапілі кіроўцы аўто, менчукі, якія наважылі скарыстацца грамадскім транспартам і нават пешаходы, што своечасова не паспелі перайсці дарогу. Пра тое, што ў сталіцы будуць праходзіць рэпетыцыі параду, менчукоў папярэджвалі. Гаварылі і пра тое, што трэба загадзя планаваць свой маршрут - што вуліцы перакрыюць, пакуль тэхніка па іх будзе ісці, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
Менчукі, канечне, пра парад і яго рэпетыцыі не забылі. Хтосьці нават спецыяльна выйшаў паглядзець на шэсце вайсковай і грамадзянскай тэхнікі. Але ж дзіцячыя садкі і школы не зачыняюцца раней праз рэпетыцыі парада. І бацькоў з працы таксама ніхто раней не адпускае, каб своечасова дзіця забраць. Так што свой маршрут можна змяніць не заўсёды. Вось і абураліся ўчора аўтамабілісты ў корках: «Ужо гадзіну, як з працы выехала, і нават кіламетра не праехала! Я ўсё разумею, але чаму трэба ў самы розрух рэпетыцыі праводзіць?»
У які час пройдуць рэпетыцыі параду?
5 траўня - з 17.00 да 21.00
6 траўня - з 21.00 да 24.00
7 траўня - з 18.00 да 21.00
8 траўня - з 18.00 да 21.00
У гэты час будзе перакрыты ўчастак праспекта Машэрава ад вуліцы Даўмана да праспекта Пераможцаў. Вайсковая тэхніка ад Уручча да месца рэпетыцыі параду можа прайсці ў іншы час, інфармацыя будзе абнаўляцца.
Па якіх вуліцах пройдзе тэхніка?
Калона з тэхнікай выязджае з мікрараёна Уручча і рушыць у бок праспекта Машэрава да стэлы «Менск - горад-герой». Тэхніка ідзе па вуліцы Заснавальнікаў, Старынаўскай, праспекце Незалежнасці, вуліцы Сурганава, Куйбышава, Багдановіча. Падчас самай рэпетыцыі займаецца праспект Машэрава ад стэлы да вуліцы Чырвонай. Аб'язджайце гэтыя ўчасткі дарогі на час рэпетыцый.