BE RU EN

У жыхароў вёскі пад Берасцем забіраюць агароды пад прыватную забудову

  • 31.05.2015, 17:47

Жыхары вёскі Кавердзякі пад Берасцем выступаюць супраць праектавання квартала прыватнай забудовы на тэрыторыі, дзе цяпер знаходзяцца іх агароды.

Адпаведны зварот яны накіравалі 30 траўня ў Берасцейскі аблвыканкам. Вяскоўцы кажуць, што зямля, вакол якой вядзецца спрэчка, была выдадзеная ім пад агароды амаль 40 гадоў таму - за гэты час людзі добраўпарадкавалі свае надзелы, высадзілі пладовыя дрэвы, кусты, піша БелаПАН.

Пасля таго, як у сакавіку Берасцейскі райвыканкам адмовіўся развязваць іх праблемы, жыхары вёскі звярнуліся да апазіцыі. Салідарнасць з вяскоўцамі выявілі мясцовыя сацыял-дэмакраты.

«Мы падтрымліваем іх законныя патрабаванні і надаем прававую дапамогу ў абароне сацыяльна-эканамічных правоў. Больш за 60 жыхароў вёскі могуць застацца без агародаў ці атрымаць іх на значнай адлегласці ад дамоў», - паведаміў старшыня Берасцейскай абласной арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.

«Тэрыторыя, занятая агародамі, знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад дамоў жыхароў вёскі. Выдзяленне новых надзелаў пад агароды на значнай адлегласці прывядзе да ўціску правоў вяскоўцаў - паджылыя людзі практычна не змогуць карыстацца імі. І, як кажуць самі вяскоўцы, тады па пятрушку ім давядзецца ездзіць у горад. Гэта несправядліва ў дачыненні да тых, хто пражыў тут усё жыццё», - падкрэсліў Маслоўскі.

Падпісанты калектыўнага звароту просяць Берасцейскі аблвыканкам пакінуць іх агароды на ранейшым месцы, а жылую забудову запланаваць на свабодных тэрыторыях вёскі ці сельсавета.

Апошнія навіны