BE RU EN

Магілёўскія мытнікі канфіскавалі дзве тысячы бутэлек гарэлкі з РФ

  • 29.05.2015, 20:31

Мытнікі не дапусцілі незаконны ўвоз двух тысяч бутэлек гарэлкі з Расеі.

Супрацоўнікі Магілёўскай мытні супольна з супрацоўнікамі аддзела барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Галоўнай управы ўнутраных спраў Бабруйска спынілі спробу незаконнага ўвозу алкагольнай прадукцыі з Расеі, паведамляе БелаПАН.

Як паведамляе прэс-служба ДМК, на аўтадарозе Менск-Гомель каля вёскі Шчаткава Бабруйскага раёна днямі быў спынены аўтамабіль DAF з паўпрычэпам.

У грузавым адсеку транспартнага сродку знаходзілася 2000 бутэлек гарэлкі з акцызнымі маркамі Расейскай Федэрацыі і 500 літраў спіртазмяшчальнай вадкасці.

Суправаджальных дакументаў, патрэбных для перавозкі такога тавару, кіроўца аўтамабіля падаць не змог.

Алкагольная прадукцыя агульным аб'ёмам 1,5 тысячы літраў і коштам амаль 270 млн рублёў канфіскаваная. Матэрыялы для прыняцця пастановы накіраваныя ў суд Бабруйскага раёна.

У сакавіку 2015 года гэты ж кіроўца затрымліваўся за аналагічнае парушэнне - тады ён перавозіў 1 730 літраў медыцынскага антысептычнага раствору з 95-адсоткавым утрыманнем спірту.

Апошнія навіны