BE RU EN

Самы дарагі канфіскаваны аўтамабіль купілі жыхары памежжа

  • 29.05.2015, 19:57

Rolls-Royce Wraith дастаўся ім за $235 тысяч - гэта на $100 танней за рынкавы кошт.

Сёння ў ГД «Усходні» (гэта прадпрыемства прадае канфіскат) прайшоў аўкцыён продажу рэкордна дарагога аўтамабіля - Rolls-Royce Wraith. Стартавы кошт канфіскаванага раскошнага аўто - $235тысяч, гэта на $100 тысяч танней за рынкавы кошт. Самаход арыштавалі яшчэ ў мінулым годзе за недакладныя звесткі пра яго кошт пры ўвозе ў Беларусь. Тады мытнікі ацанілі гэты Rolls-Royce 4,7 мільярда рублёў ($450 тысяч паводле старога курсу), піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Нягледзячы на тое, што аўкцыён уважаецца за адкрыты, кіраўніцтва «Усходняга» ўсяляк імкнулася абмежаваць доступ прэсы ў залу, дзе адбываліся таргі. Не пусцілі карэспандэнта аднаго з найбуйнейшых інтэрнэт-парталаў краіны. Карэспандэнту «Камсамолкі» сяк-так усё ж удалося трапіць на аўкцыён і паглядзець, каму дасталася раскошнае аўто. Але здымаць арганізатары аўкцыёну катэгарычна забаранілі:

- Купля такога самаходу - гэта досыць інтымны працэс, гэта як першая шлюбная ноч. Таму намі прынятая пастанова аб забароне падчас аўкцыёну фота- і відэаздымкі, і яна не абмяркоўваецца! - заявіў «Камсамолцы» намеснік дырэктара дэпартамента гуманітарнай дзейнасці кіраўніка справамі прэзідэнта (менавіта гэтай арганізацыі падпарадкоўваецца ГД «Усходні») Дзмітрый Шакуноў.

Як высветлілася, заяўку на ўдзел у аўкцыёне на Rolls-Royce падаў усяго адзін пакупнік. Ім была жанчына сярэдніх гадоў. Разам з мужчынам і яшчэ адной жанчынай пакупніца прыехала на «тройцы» BMW з менскімі нумарамі.

Паводле правілаў аўкцыёну патэнцыйны пакупнік да пачатку таргоў павінен унесці задатак у 10% ад стартавага кошту - гэта значыць$23,5 тысячы.

- Удзельнік усяго адзін, таму яму дастаецца лот стартавым коштам плюс пяць адсоткаў, - нагадаў правілы вядоўца аўкцыёну. - Вы пацвярджаеце куплю?

Хуткае афармленне дакументаў - і шыкоўнае аўто за 3,5 мільярда рублёў прададзенае. Новыя ўладальнікі самахода былі нешматслоўныя. З іх слоў, яны жывуць у прымежжы, але ў якім менавіта - паведаміць адмовіліся. Хутчэй за ўсё, гэта беларусы. У панядзелак яны абяцалі цалкам аплаціць куплю, а пазней забраць самаход. Застанецца аўтамабіль у Беларусі ці яго купілі, напрыклад, для багатага расейца - невядома.

- Rolls-Royce яшчэ трэба завесці, усё ж год стаяў, - сказалі новыя ўладальнікі.

ТОП-3 самых дарагіх канфіскаваных аўто, прададзеных у Беларусі

1. Rolls-Royce Wraith 2013 - за $235 тысяч

2. Новы Porsche Panamera - $204 тысяч

3. Новы Porsche 911 - $150 тысяч

Дарэчы

Яшчэ адзін Rolls-Royce белага колеру надоечы арыштавалі на беларуска-ўкраінскай мяжы. Самаход ацанілі ў 200 тысяч даляраў. Акрамя таго, дагэтуль не прадалі яшчэ адзін дарагі аўтамабіль Lamborghini Gallardo 2008 года выпуску. Пасля пераацэнкі яго стартавы кошт знізіўся да 120 тысяч даляраў.

Апошнія навіны