BE RU EN

Расея прыстрашыла Беларусь скарачэннем пастаўкі нафты

  • 29.05.2015, 18:58

Мінэнэрга Расеі ўважае за магчымае абмежаванні паставак нафты ў Беларусь праз невыкананне ёю абавязкаў у пастаўках нафтапрадуктаў.

Пра гэта заявіў кіраўнік міністэрства Аляксандр Новак, паведамляе РІА "Новости".

Днямі намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Ігар Бабыр паведаміў, што Беларусь пакуль не пастаўляе нафтапрадукты ў Расею. Ён нагадаў, што паводле дасягнутай дамоўленасці пастаўкі паліва ажыццяўляюцца тады, калі гэта выгадна беларускім нафтаперапрацоўшчыкам і ў цэлым краіне.

Бабыр таксама анансаваў пачатак перамоў з Расеяй найбліжэйшымі днямі аб пастаўках нафты на 2016-ы і наступныя гады і запэўніў, што "ўсё будзе добра".

Пастаўкі нафты і бензіну - адна з дзвюхстаронніх дамоўленасцяў паміж Менскам і Масквой у рамках стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. Згодна з ім, Расея абавязалася пастаўляць Беларусі нафту ўнутранымі коштамі, а Беларусь Расеі - нафтапрадукты. Пакуль Расея абяцала не рабіць захады і не зніжаць пастаўкі нафты праз зніжэнне паставак нафтапрадуктаў з Беларусі. Пры гэтым у пагадненні ёсць заўвага, што калі кошты істотна адрозніваюцца, то беларуская старана можа прыпыніць пастаўкі. Разам з тым прадстаўнікі Расеі жадалі больш дакладна прапісаць, якую розніцу ўважаць за істотную.

Згодна з планам на 2015 год, Расея павінна паставіць 23 млн т нафты, Беларусь – 18 млн т нафтапрадуктаў.

У першым квартале 2015 года Беларусь знізіла экспарт нафтапрадуктаў у Расею ў 2,9 раза да аналагічнага перыяду мінулага года - да 154,4 тысячы тон. Пастаўкі ў краіну нафты за квартал выраслі на 3,9% - да 5,635 млн тон.

Апошнія навіны