BE RU EN

Консул РФ ва Украіне назваў арыштаваных расейскіх вайскоўцаў наймітамі

  • 29.05.2015, 14:16

Са слоў адваката расейцаў Канстанціна Краўчука, консул РФ назваў Аляксандрава і Ерафеева «наймітамі, якія не маюць нічога агульнага з войскам».

Расея ўважае арыштаваных расейскіх вайскоўцаў Трэцяй брыгады ГРУ Генштаба РФ сяржанта Аляксандра Аляксандрава і капітана Яўгена Ерафеева за «наймітаў» і «паліцэйскіх ЛНР». Такую пазіцыю Расейскай Федэрацыі агучыў консул Аляксей Грубы на сустрэчы з адвакатамі расейцаў - Канстанцінам Краўчуком і Аксанай Сакалоўскай, паведамляе ТСН.

Са слоў Краўчука, сустрэча з консулам адбылася напярэдадні, 28 траўня, блізу 17 гадзін. «На гэты момант афіцыйная пазіцыя Расеі, са слоў Грубага, такая, што гэтыя вайскоўцы - найміты і нічога агульнага з расейскім войскам не маюць», - паведаміў ён.

У той жа час, консул адзначыў, што Расея «робіць усё магчымае», каб не дапусціць выхаду такіх «наймітаў» за межы тэрыторый, якія кантралююцца бандфармаваннямі «ЛНР» і «ДНР». У адваротным выпадку гэта нібыта шкодзіць іміджу Расеі.

Грубы запэўніў, што будзе наведваць Аляксандрава і Ерафеева ў шпіталі і спрабаваць забяспечыць сувязь з сям'ёй. Консул нават паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб сваякі прыехалі ў Кіеў і пераканаліся, што на арыштаваных не ціснуць, што іх не катуюць, а наадварот - утрымліваюць у годных умовах і забяспечваюць неабходнае лячэнне.

Адвакат Краўчук распавёў, што пасля гэтай сустрэчы яны з Сакалоўскай наведалі сваіх падабаронных і распавялі, што Расея афіцыйна ўважае іх за «наймітаў» і «паліцэйскіх ЛНР». Вайскоўцы былі абураныя такой пазіцыяй сваёй дзяржавы і запэўнілі, што гэта хлусня.

Раней паведамлялася, што Яўген Ерафееў разам са сваім адвакатам мае намер дамагацца, каб ягоную справу перакваліфікавалі з тэрарызму на шпіянаж.

Апошнія навіны