BE RU EN

Эстонія ды Швэцыя падтрымліваюць узмацненне санкцый супраць РФ

  • 27.05.2015, 18:26

Еўрапейскі Звяз павінен у чэрвені падоўжыць эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расеі, а пры патрэбе, зрабіць іх больш жорсткімі.

Прэм'ер-міністр Эстоніі Тааві Рыйвас, а таксама ягоны швэдскі калега Стэфан Лефэн падчас сустрэчы ў Стакгольме выказаліся за пралангацыю санкцый у дачыненні да Расеі.

Акрамя гэтага яны не выключылі ўзмацненне жорсткасці санкцый. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс-Украіна".

"Прэм'ер-міністры былі адзінага меркавання, што Еўрапейскі Звяз павінен у чэрвені падоўжыць эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расеі, а пры патрэбе, зрабіць іх больш жорсткімі", - паведамілі ў прэс-службе ўрада Эстоніі.

"Эстонія ды Швэцыя з'яўляюцца моцнымі партнёрамі, як у эканоміцы, так і ў замежнай палітыцы - мы аднолькава разумеем сітуацыю з бяспекай і адзіныя ў меркаванні аб агрэсіі Расеі супраць Украіны, і ў пытаннях санкцый", - сказаў на сустрэчы эстонскі прэм'ер, якога цытуе прэс-служба.

Паводле ягоных слоў, "рэальнасць такая, што Расея не выконвае пункты пагаднення, дасягнутага ў Менску". "Да таго часу, пакуль на Украіне не будзе міру, мы не можам казаць аб змякчэнні санкцый", - падкрэсліў Тааві Рыйвас.

"Прэм'ер-міністры абмяняліся інфармацыяй і скаардынавалі крокі для супрацьдзеяння ўплыву інфармацыйнай вайны, у тым ліку супольныя крокі ў адказ супраць дзеянняў Расеі ў медыйнай прасторы", - адзначылі ў прэс-службе.

Апошнія навіны