Пілот затрыманага рэйса замовіў піцу для пасажыраў наўпрост у самалёт
- 27.05.2015, 16:20
У ЗША пілот затрыманага рэйса Delta Airlines замовіў піцу для пасажыраў наўпрост у самалёт.
Аб гэтым піша gazeta.ru са спасылкай на The Daily Mirror.
У аўторак праз непагадзь лайнер быў вымушаны правесці на ўзлётна-пасадачнай паласе ў Ноксвіле (штат Джорджыя) некалькі гадзін.
Як адзначае газета, пілот прыдумаў новы спосаб супакоіць пасажыраў: раззлаваным людзям даставілі піцу ў салон самалёта. Да лайнера прадукцыю Pizza Hut падвезлі на багажнай калясцы.
Пасля трохгадзіннай затрымкі самалёт паспяхова вылецеў у Атланту.
Пасля выявілася, што пасажыры Delta з Агаё, Ілінойса і Місісіпі, пацярпелыя ад такіх затрымак рэйсаў, таксама атрымалі «ўласныя вечарыны з піцай», піша газета. Фатаграфіі і словы падзякі пасажыры апублікавалі ў «Твітэры».