BE RU EN

Беларусь забараніла публікаваць даклад Рады Еўропы аб карупцыі

  • 27.05.2015, 15:09

Адбываецца гэта ўжо другі раз запар, але вядома, што з 24 пунктаў рэкамендацый, якія атрымала нашая краіна, выканана толькі 4.

Група дзяржаў у барацьбе з карупцыяй (GRECO) падала ў Раду Еўропы даклад аб карупцыі ў Беларусі. У ім даецца ацэнка выканання нашай краінай рэкамендацый, атрыманых у 2012 годзе. Беларускія ўлады другі раз забаранілі цалкам публікаваць гэты даклад, паведамілі Еўрарадыё ў Радзе Еўропы. Першы такі выпадак быў у 2012 годзе, калі экспэрты GRECO ўпершыню рабілі аналіз таго, як у Беларусі змагаюцца з карупцыяй.

Наша краіна выконвае толькі 4 з 24 рэкамендацый з мінулага дакладу, перадае "Еўрарадыё".

"Краіна здолела дасягнуць істотнага прагрэсу толькі ў падрыхтоўцы і спецыялізацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ва ўвядзенні новых механізмаў канфіскацыі тавараў і вядзення бухгалтарскага ўліку і справаздач на аснове міжнародных стандартаў", - гаворыцца ў дакуменце.

У дакладзе таксама адзначаецца, што большасць рэкамендацый не была выкананая, у той час як сітуацыя з карупцыяй у краіне патрабуе амбіцыйнага падыходу і больш рашучых дзеянняў.

"GRECO выказвае асаблівую ўстурбаванасць тым, што ў некаторых галінах, дзе выкананне рэкамендацый надзвычай патрэбнае, не было нават запланавана або анансавана ніякіх крокаў да зменаў. У выніку выканаўчая галіна ўлады, асабліва прэзідэнцкая функцыя, не адпавядае дэмакратыі", - гаворыцца ў дакуменце.

У дакладзе адзначаецца, што ўзровень выканання рэкамендацый - "глабальна нездавальняльны", нягледзячы на тое, што Беларусь у студзені 2014 падпісала дадатковы пратакол да канвенцыі Рады Еўропы аб крымінальнай адказнасці за карупцыю.

27 траўня будзе апублікаванае кароткае рэзюмэ дакладу.

Справаздача ахоплівае перыяд з 2012-га, з моманту прыняцця першага ацэначнага дакладу GRECO аб Беларусі, да 2014 года.

Апошнія навіны