BE RU EN

«Салдацкія маці» РФ патрабуюць патлумачыць, як байцы ГРУ апынуліся ва Украіне

  • 25.05.2015, 17:41

«Суполка камітэтаў салдацкіх маці» запатрабавала ад уладаў Расеі растлумачыць статус байцоў, затрыманых у Луганскай вобласці.

З адпаведным запытам чалец Грамадскай рады пры Мінабароны Валянціна Мельнікава звярнулася да галоўнага вайсковага пракурора Сяргея Фрыдзінскага, паведамляе РБК.

Як распавяла праваабаронца, у арганізацыю «салдацкіх маці» звярнуўся «па электроннай пошце і СМС вайсковец-кантрактнік вайсковай часткі № 21208 Аляксандраў Аляксандр Анатольевіч, з просьбай аказаць яму садзейнічанне для вяртання ў Расею».

У сваім лісце на імя Фрыдзінскага Мельнікава просіць вайсковую пракуратуру адказаць на некалькі пытанняў: «Паводле якога распараджэння вайсковец знаходзіўся ва Украіне?», «Пры якіх абставінах, якім спосабам сяржант Аляксандраў змог перайсці дзяржаўную мяжу?», «Якія захады ўжываюцца вайсковай пракуратурай для вяртання вайскоўца?» і «Ці ўдзельнічае МЗС у вяртанні на тэрыторыю Расеі Аляксандрава?».

Акрамя таго, салдацкія маці просяць пракуратуру «ўжыць усе магчымыя захады для вызвалення Аляксандрава ў выпадку чарговага абмену палоннымі «ўсіх на ўсіх» ва Украіне».

Цяпер абодва расейцы арыштаваныя кіеўскім судом паводле падазрэння ў тэрарызме. Перамоўнік цэнтра садзейнічання вызваленню закладнікаў пры СБУ Юрый Тандыт заявіў у эфіры ўкраінскай тэлепраграмы «Шустэр Live», што Ерафееў і Аляксандраў не падпадаюць пад працэдуру абмену, бо не з'яўляюцца ўдзельнікамі ўзброеных фармаванняў сепаратыстаў.

19 траўня СБУ абнародавала паказанні расейскіх вайскоўцаў. Тады ж затрыманым абвясцілі аб падазрэнні ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных арт.258-3 КК Украіны за ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасці так званай ЛНР.

Яны абодва не могуць уважацца за ваеннапалонных, бо паміж Расеяй і Украінай не абвешчаная вайна.

Адзін з вайскоўцаў РФ - Аляксандр Аляксандраў, сяржант трэцяй брыгады спецназу ў Тальяці (РФ), кантрактнік, служыць з 12 снежня 2012 года. Мужчына распавёў пра тое, што група базавалася ў Луганску, а сам ён прыехаў ва Украіну абараняць вобласць.

Ён назваў прозвішчы ўсіх чальцоў іх групы, а таксама паведаміў, што ва Украіну яны ўвайшлі 26 сакавіка ў складзе 2-га батальёна ў складзе 220 чалавек.

Другі - капітан Яўген Ерафееў родам з Куйбышава. Расейскі былы жаўнер тэрміновай службы трэцяй асобнай брыгады спецназу ў Тальяці прызнаў камандзіра Яўгена Ерафеева і заяўляе, што той не звальняўся са службы.

У Крамлі ўжо спрабуюць адхрысціцца ад палонных расейцаў. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расейскіх вайскоўцаў на Данбасе няма, а пытанне аб праверцы інфармацыі аб затрыманні спецназаўцаў трэба адрасаваць не ў Крэмль, а ў Мінабароны.

Апошнія навіны