BE RU EN

«Работніку» Капыльскага ЖКГ незаконна выплацілі 51 мільён

  • 25.05.2015, 16:20

Пракуратура Менскай вобласці распачала крымінальную справу ў дачыненні да былога дырэктара Капыльскага ЖКГ паводле факту злоўжывання ім службовымі паўнамоцтвамі.

Пра гэта БелТА паведаміў старэйшы пракурор аддзела ў барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Віталь Вольскі.

Будучы дырэктарам прадпрыемства і злоўжываючы сваімі службовымі паўнамоцтвамі з асабістай зацікаўленасці, ён прыняў на працу ў якасці слесара па рамонту аўтамабіляў аднаго з мужчын, загадзя ведаючы, што ён не будзе выконваць прадугледжаныя кантрактам працоўныя абавязкі.

Пасля дырэктар Капыльскага ЖКГ даў указанне падначаленым уносіць у табелі ўліку працоўнага часу слесара загадзя ілжывыя звесткі аб адпрацаваных ім гадзінах. У выніку «работніку» з красавіка 2007 года да кастрычніка 2012 быў незаконна выплачаны заробак на суму звыш Br51 млн.

У пракуратуры Менскай вобласці адзначылі, што ў першым квартале 2015 праваахоўнымі органамі выяўлена 19 карупцыйных злачынстваў. Найбольшая колькасць (11 злачынстваў) выяўленыя ў сферы сельскай гаспадаркі, 3 - у сферы прамысловасці, па 2 - у сферы арганізацыі адпачынку і забаў, культуры, спорту і турызму, а таксама ў сферы гандлю, 1 - у сферы дзяржаўнага кіравання. Шкода выяўленых карупцыйных злачынстваў склала больш за Br2,6 млрд, кампенсавана звыш Br2 млрд, акрамя таго, накладзены арышт на маёмасць падазраваных на суму блізу Br772 млн.

Апошнія навіны