BE RU EN

Малдова не прапусціць у Прыднястроўе «зялёных чалавечкаў»

  • 25.05.2015, 9:30

Улады Малдовы перакрылі расейскім вайскоўцам магчымасць дабірацца да Прыднястроўя.

Аэрапорт Кішынёва заставаўся адзінай легальнай магчымасцю для расейцаў дабірацца да Прыднястроўя пасля пастановы Вярхоўнай Рады дэнансаваць дамову аб транзіце вайскоўцаў і вайсковых грузаў з Расеі праз тэрыторыю Украіны. Аднак, як паведамляе газета «Коммерсант», толькі цягам апошніх двух тыдняў у кішынёўскім аэрапорце былі затрыманыя, а пазней дэпартаваныя на радзіму адразу трое расейцаў, у тым ліку і сяржант-кантрактнік.

Паводле звестак выдання, з кастрычніка 2014 года з Малдовы былі дэпартаваныя блізу сотні вайскоўцаў - грамадзян Расеі.

У Кішынёве сцвярджаюць, што гатовыя прапускаць вайскоўцаў, калі Масква будзе за месяц апавяшчаць аб іх прыездзе. Тых, хто прылятае без папярэджання, Малдова змяшчае ў спіс «непажаданых». Адпаведную заяву МЗС краіны перадало ў Маскву праз дыпламатычныя каналы.

Малдова не прызнае абмежаваную групу расейскіх войскаў (АГРВ), якая знаходзіцца ў Прыднястроўі, міратворцамі, настойваючы на іх вывадзе з самаабвешчанай «рэспублікі». Пры гэтым спробы жаўнераў трапіць у Прыднястроўе выклікаюць незадаволенасць у Кішынёве. Апошні скандал быў звязаны з палкоўнікам Дзмітрыем Зелянцовым, які наважыў пазбегнуць праблем пры перасячэнні мяжы і выдаў сябе за «міратворца», аднак, прыбыўшы ў Прыднястроўе, узначаліў менавіта АГРВ.

Апошнія навіны