BE RU EN

Аляксандр Ярашук: Лукашэнка старэе і раз за разам робіць памылкі

  • 24.05.2015, 14:08

Улада зрабіла чарговы ўнёсак у фармаванне сацыяльнай напружанасці ў краіне.

Бутафорыя ў выглядзе прафсаюзаў на прыватных прадпрыемствах здольная раззлаваць шмат каго, асабліва на фоне пагаршэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. А новы кіраўнік ФПБ Міхаіл Арда паказаў сябе годным прадаўжальнікам справы Леаніда Козіка. Так ацэньвае лідэр Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук новыя пэрлы дыктатара, якія прагучалі 22 траўня на з'ездзе ФПБ, піша «Беларуская праўда».

- Лукашэнка запатрабаваў стварыць прафсаюзы на прадпрыемствах усіх формаў уласнасці, не грэбуючы шчырымі пагрозамі: «мы ведаем, як на іх уздзейнічаць». Навошта дзяржаве свае прафсаюзы на прыватных прадпрыемствах?

- У Лукашэнкі засталося старое савецкае ўяўленне аб прафсаюзах як пра ўтылітарныя арганізацыі. Гадоў 17 таму назад, калі тагачасная ФПБ стала паказваць зубы, ён не саромеўся называць прафсаюзы бескарыснай арганізацыяй, а прафсаюзных чыноўнікаў - лайдакамі. Вядома, свайго стаўлення да гэтага інстытуту ён не памяняў, проста імкнецца выкарыстаць гэты архаізм у выглядзе сённяшняй ФПБ як будаўнічы матэрыял для выбудоўвання сістэмы ўлады, што татальна кантралюе ўсе сферы жыццядзейнасці беларускага грамадства. У гэтай герархіі вартасцяў цяперашняй беларускай дзяржавы ФПБ адводзіцца важнае месца - кантроль за работнікамі. Па-за гэтым кантролем, у разуменні Лукашэнкі, не павінна заставацца ніводная структура, у тым ліку і з прыватнай формай уласнасці.

- Дзяржава ўзнаўляе парткамы на ўсіх прадпрыемствах, толькі ў выглядзе прафкамаў?

- Не, вядома, цяперашнія прафкамы - гэта не савецкія парткамы і ніколі імі не стануць. Трэба ўсё ж мець на ўвазе прынцыповае адрозненне ўлады КПСС ад цяперашняй прэзідэнцкай улады. КПСС, пры ўсёй яе недэмакратычнасці, не толькі дэкларацыйна, але і шмат у чым рэальна была органам калектыўнага кіраўніцтва. Быў Цэнтральны Камітэт партыі, былі сакратары, былі абкамы, райкамы, парткамы, якія падпарадкоўваліся не кіраўніку прадпрыемства, а райкаму. У цяперашняй улады няма і не можа быць ніякай калегіяльнасці, усе замыкаецца на адным чалавеку. І ўлада ў гэтым выглядзе настолькі ненатуральная, што нават яе спараджэнне - ідэолагі ў арганізацыях, выглядаюць белымі варонамі, пятым колам у возе. Ад поўнага канфузу іх ратуе прыстаўка «намеснік у ідэалогіі, сацыяльных пытаннях і працы з кадрамі».

Ствараныя прафсаюзы і іх прафкамы будуць выглядаць пародыяй на сапраўдныя прафзвязы, а іх начальнікі будуць не больш чым хлопчыкамі або дзяўчаткамі папіхачамі ў кіраўнікоў, якія фактычна іх і прызначаць. Як з'яўляюцца такімі сёння тысячы функцыянераў ФПБ у шматлікіх арганізацыях краіны.

Сур'ёзна да гэтай бутафорыі прафсаюзнага будаўніцтва не варта ставіцца.

- Меры ўздзеяння вядомыя - нацыяналізацыя і ліквідацыя непакорлівых. Інакш як расцэньваць гэтую фразу: «Мы ведаем, як на іх уздзейнічаць... Я спачатку з velcom забраў усіх дзяржаўных службоўцаў, іхнія тэлефоны перавялі на МТС. Забегалі вакол. Я сказаў: «Яшчэ будзеце дрэнна сябе паводзіць у Беларусі, не будзеце ўлічваць нашы рэаліі, не будзеце працаваць на наш народ - страціце наогул кампанію»?

- Сваімі развагамі на з'ездзе ФПБ Лукашэнка развязваў некалькі задач.

Па-першае, заляцаўся да актыву самай масавай грамадскай арганізацыі, дэманстраваў свой клопат пра работнікаў, дзе б яны ні працавалі, у тым ліку ў фірмах і кампаніях з прыватнай формай уласнасці.

Па-другое, імкнуўся пераканаць, што ствараныя там прафсаюзы будуць рэальнай сілай, а не бутафорыяй.

Па-трэцяе, выкарыстаў свой упадабаны канёк запалохвання, застрашвання бізнэсу, пасылаючы яму ясны сігнал, што ў Беларусі мае шанцы на функцыянаванне толькі лаяльны, паслухмяны бізнэс, ахвочы выконваць усякі капрыз, усякае самадурства ўлады. У тым ліку і такое экзатычнае, як стварэнне на яе капрыз прафсаюзаў.

- Арда шчыра прызнаў, што «ідзе схаванае процідзеянне стварэнню прафсаюзаў у прыватных арганізацыях». Прыватнікі пратэстуюць супраць прафсаюзаў як такіх ці супраць умяшання дзяржавы ў свае справы?

- Міхаіл Арда паказаў сябе годным прадаўжальнікам справы гіганта прафсаюзнага будаўніцтва Леаніда Козіка. Той безупынна насіўся з ідэяй стварэння з дапамогай рэсурсу дзяржаўнага прымусу прафсаюзаў у прыватным сектары. А тых уласнікаў, якія не пажадаюць займацца гэтай непатрэбнай справай, ён хацеў заканадаўча абавязаць пералічваць на рахунак ФПБ тры адсоткі з фонду заробку за тое, што Федэрацыя абараняе інтарэсы работнікаў прыватнага прадпрыемства. Каментаваць гэты ідыятызм няма ніякага сэнсу.

У сувязі з гэтым зразумела, што могуць адчуваць уласнікі, якіх стануць абавязваць займацца недарэчным і бессэнсоўным заняткам. Псіхалагічна гэта пераносіць будзе значна цяжэй, чым, скажам, аддаваць уладзе грошы на яе дзівацтвы ў выглядзе будаўніцтва тых жа лядовых палацаў. Там яны маглі бачыць хоць нейкі сэнс і карысць. А тут? Шмат каму не стане запасу лаянкі ў расейскай мове, якімі яны будуць бэсціць уладу і яе верныя рухальныя пасы. І спрэс заслужана.

- Што даможацца Лукашэнка публічным шантажом?

- Калі б хтосьці нават нашэптваў Лукашэнку ў вуха знайсці самы верны спосаб для дыскрэдытацыі ў вачах бізнэсу і разважнай часткі грамадства сябе і вернападданых ФПБ, цяжка было б знайсці больш прыдатны. Лукашэнка старэе, і раз за разам робіць памылкі, якія я б назваў сістэмнымі. Толькі надоечы ён дыскрэдытаваў сябе дэкрэтам №5 аб барацьбе з дармаедамі, цяпер у гэтым жа шэрагу новая сумнеўная ініцыятыва - стварэнне дзяржаўных прафсаюзаў у прыватным бізнэсе. Асабіста я расчулена кажу вялікі дзякуй і прэзідэнту Лукашэнку, і старшыню ФПБ Міхаілу Арду. Яны зрабілі для незалежных прафзвязаў велізарнай важнасці работу для дыскрэдытацыі ФПБ і паўстання супраць сябе дзясяткаў тысяч нашых суграмадзян.

Запэўніваю вас, што ўся гэтая бутафорыя ў выглядзе стварэння новых прафсаюзаў абсалютна нічога не прынясе яе аўтарам, але здольная раззлаваць шмат каго, асабліва на фоне пагаршэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Свой чарговы ўнёсак у фармаванне сацыяльнай напружанасці ў краіне ўлада зрабіла сёння.

- Міхаіл Арда прапанаваў увесці адміністрацыйную адказнасць для наймальнікаў, якія процідзейнічаюць стварэнню прафсаюзных «суполак» у сваіх арганізацыях. Увядуць?

- Лепш было б, каб увялі. Калі сістэма ўжо саспела, каб разбурыцца, дык хай не спыняецца, не гамуе. У гэтым выпадку ўмацуюцца шанцы на тое, што хутчэй надыдзе канец тэатру абсурду, які нам усім «пашчасціла» бачыць на працягу ўжо больш як 20 гадоў.

Апошнія навіны