BE RU EN

Еўракамісія выдзеліць Украіне 1,8 мільярда еўра

  • 22.05.2015, 14:12

Падчас саміту ў Рызе падпісанае пагадненне, у рамках якога Еўракамісія накіруе Украіне фінансавую дапамогу ў суме 1,8 мільярда еўраў.

Выплаты будуць падзеленыя на тры раты па 600 мільёнаў, першую з іх Кіеў можа атрымаць ужо ў другой палове чэрвеня 2015 года, піша РБК-Украина.

«Гэтая дапамога паказвае, што ЕЗ верыць у магчымае правядзенне рэформаў», - заўважыла міністарка фінансаў Украіны Наталля Ярэська, падпісваючы дакумент. Яна дадала, што прэзідэнт і прэм'ер «штодня рука аб руку ўвасабляюць рэформы».

Для атрымання усёй сумы дапамогі Вярхоўная Рада павінна будзе ратыфікаваць пакет дамоўных дакументаў, а рада дырэктараў МВФ - зацвердзіць вынікі першага перагляду праграмы пашыранага фінансавання.

Раней Вярхоўная Рада Украіны прыняла пакет урадавых законапраектаў, якія надзяляюць урад правам увядзення мараторыя на выплаты замежных запазычанасцяў. У спіс пазыкаў, на якія можа быць распаўсюджаны мараторый, уваходзяць і еўрааблігацыі, выкупленыя Расеяй за 3 мільярды даляраў у канцы 2013 года.

Антыкрызісная праграма Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) для Украіны была зацверджаная ў сакавіку 2015-га. Яна разлічаная на чатыры гады і ацэньваецца прыкладна ў 41 мільярд даляраў. 12 сакавіка МВФ адправіў Украіне першую рату фінансавай дапамогі сумаю 5 мільярдаў даляраў. Для атрымання другой раты краіна павінна рэструктураваць 15,3 мільярда даляраў пазыкі прыватным інвестарам.

Апошнія навіны