BE RU EN

Тысячы жыхароў Магілёва патрабуюць ачысціць Святое возера

  • 21.05.2015, 14:18

Больш як 6,3 тысяч подпісаў магілёўцаў сабралі актывісты апазіцыі пад зваротам да ўладаў з патрабаваннем ачысціць ад забруджвання Святое возера.

«Святое возера ў Магілёве, якое называлі ў савецкі час Грабянёўскім, ужо не адзін дзясятак гадоў з'яўляецца любімым месцам адпачынку гараджан і гасцей горада, асабліва ў летні час, калі пачынаецца пляжны сезон. У сувязі з забруджваннем возера, а таксама праз нездавальняючы бактэрыялагічны стан купанне ў возеры забароненае. Экалагічны стан акваторыі Святога возера цяпер з'яўляецца катастрафічным і патрабуе ўжывання неадкладнае захадаў», - гаворыцца ў калектыўным звароце.

Падпісанты патрабуюць неадкладнага выканання захадаў для выяўленні крыніц забруджвання вадаёма, прыцягнення вінаватых да адказнасці, ачысткі возера ад забруджвання, паведамляе БелаПАН.

Паводле звестак Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і здароўя, на сітуацыю, якая стварылася вакол Святога возера, уплываюць як прыродныя асаблівасці вадаёма - закрытае возера без інтэнсіўнага водаабмену, так і крыніцы забруджвання з боку індывідуальнай жылой забудовы пасёлка Грэбянёва - мыццё аўтамабіляў. Да чыннікаў забруджвання эпідэміёлагі залічваюць і гнездзішчы ў цэнтры возера дзікіх птушак.

«Мы салідарныя з вашай заклапочанасцю ў пытанні экалагічнага і санітарна-гігіенічнага стану Грабянёўскага вадасховішча», - паведаміў у сакавіку аднаму з ініцыятараў звароту да ўладаў намеснік старшыні Свабоднага прафзвязу Беларускага Юрыю Новікаву галоўны дзяржаўны санітарны лекар Магілёва і Магілёўскага раёна Вячаслаў Шуляк.

З ягоных слоў, занальны цэнтр інфармаваў Магілёўскі гарвыканкам аб неабходнасці ачысткі вадаёма. «Для выканання пастановы сталай камісіі Магілёўскага савета дэпутатаў па ЖКГ распрацаваны план мерапрыемстваў развіцця, будаўніцтва і рэканструкцыі зон адпачынку (пляжаў) на вадаёмах Магілёва на 2013-2017 гады. Планам мерапрыемстваў прадугледжаная рэканструкцыя дзейных пляжаў, у тым ліку на Грабянёўскім вадасховішчы ў 2015 годзе з ачысткай ад глеістых адкладаў і расліннасці вадаёма», - адзначаецца ў лісце галоўнага санітарнага лекара.

Цяпер санітарныя службы горада інфармуюць пра гатоўнасць Святога возера да купальнага сезона. «Магілёўзелянбуд скончыў работы ў падрыхтоўцы пляжаў да новага купальнага сезона. У абласным цэнтры іх тры: на Грабянёўскім і Пячэрскім азёрах і рацэ Днепр (гарадскі пляж), а таксама два месцы для купання (у пасёлку Броды і заліве Фаціна). На ўсіх прыбярэжных тэрыторыях адрамантаванае існае абсталяванне і ўведзенае дадатковае (лежакі, навесы). Навіной стала душавая кабіна на Грабянёўскім возеры, праўда, толькі з халоднай вадой. Дно вадаёмаў даследаванае ТВВ і ачышчанае ад старонніх прадметаў. Пашпарты гатоўнасці падпісаныя», - паведамляе са спасылкай на санслужбу Магілёва інфармацыйнае агенцтва Mogilevnews, якое належыць абласным уладам.

«Ніхто ад глею Святое возера не чысціў, навялі толькі парадак на пляжы, а ціна як плавала, так і плавае», - сцвярджае, у сваю чаргу, Юрый Новікаў.

Найбліжэйшым часам актывісты маюць намер перадаць подпісы, адрасаваныя кіраўнікам гарвыканкама і гарсавета Уладзіміру Цумараву і Сяргею Іванову, магілёўскім уладам.

Апошнія навіны