BE RU EN

Палітвязні не трапяць пад амністыю

  • 13.05.2015, 14:09

Цяперашняя амністыя будзе больш жорсткай да шырокага кола асуджаных.

13 траўня "дэпутаты" прынялі адразу ў двух чытаннях законапраект "Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў". Пад яго дзеянне трапляюць 8600 чалавек. Цяперашняя амністыя традыцыйна вызваляе ад пакарання "ільготныя" катэгорыі асуджаных: непаўналетніх, цяжарных жанчын, пенсіянераў, інвалідаў I і II групы, хворых на туберкулёз і гэтак далей. Адначасова амністыя дае палёгку асуджаным за фінансавыя злачынствы - у тым выпадку, калі яны цалкам кампенсавалі нанесеную шкоду, паведамляе "Еўрарадыё".

Але ёсць катэгорыі злачынцаў, заўважае міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч (менавіта ён дэманстраваў законапраект), на якіх амністыя-2015 не распаўсюджваецца.

"Больш строгай стала амністыя што да вельмі шырокага кола асоб і пераліку артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія датычацца незаконнага абарачэння наркотыкаў. І ў дачыненні да асоб, якія ўчынілі злачынствы сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх", - заявіў Шуневіч.

Таксама пад амністыю не трапляюць забойцы міліцыянтаў, "паклёпнікі" на Лукашэнку і тыя, хто незаконна атрымаў замежную бязвыплатную дапамогу.

На пытанне аб вызваленні паводле амністыі палітвязняў Ігар Шуневіч адказаў традыцыйна: калі ўмовы амністыі будуць адпавядаць іх артыкулам і калі ў іх няма "злосных парушэнняў рэжыму, то патрапяць, калі ўмовы [амністыі] не адпавядаюць іх статусу і становішчу - значыць, не патрапяць".

Чытаем закон "Аб амністыі": там канкрэтна прапісана, што пад амністыю не трапляюць людзі, асуджаныя "за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" і за "парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў" (паводле гэтага артыкула, напрыклад, асуджаны палітвязень Мікалай Статкевіч).

Пад амністыю сёлета патрапяць тыя, хто ў калонію або турму пасля вынясення прысуду нават не паспеў даехаць. Гаворка ідзе пра тых, тлумачыць Шуневіч, хто ўчыніў "некваліфікаванае хуліганства, менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, першая частка артыкула пра падробку дакументаў - тыя, дзе пакаранне да трох гадоў". І ў каго прысуды да пакарання ў выглядзе арышту пачалі дзейнічаць на момант уваходжання ў дзеянне закона "Аб амністыі".

Як вядома, амністыя ў краіне адбываецца штогод, і штогод такія злачынцы вызваляюцца практычна адразу пасля прысуду. Але Ігар Шуневіч не бачыць патрэбы пераводу такіх злачынстваў з крымінальных у адміністрацыйныя: "Практыка асуджэння на арышт не такая вялікая, каб рабіць такія высновы, але мы мяркуем, што ўвядзенне такой практыкі, як арышт, у пэўнай ступені сябе апраўдала", - сказаў ён.

Апошнія навіны