BE RU EN

Алесь Бяляцкі: Улады ўзмацняюць ціск на палітвязняў

  • 7.04.2015, 15:07

Міжнароднае грамадства павінна звярнуць увагу на новы віток рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Учора стала вядома аб тым, што на палітычнага зняволенага Юрыя Рубцова завялі новую справу. З ягоных слоў, яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі за ўхіленне ад адбыцця пакарання. Раней паведамлялася, што ён не мог знайсці працу з заяўленым сярэднім заробкам па краіне.

Былы палітвязень, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі сказаў charter97.org, што гэты прэцэдэнт - чарговы доказ таго, што нягледзячы на ўсе абяцанні, беларускія ўлады не толькі не аслабілі ціск на грамадзянскую супольнасць Беларусі, а хутчэй наадварот.

- Відавочна, што пераслед Рубцова за ягоныя палітычныя погляды прадаўжаецца. Мы бачым працяг жорсткай лініі ў дачыненні да палітычных зняволеных. Апошні выпадак прысуджэння дадатковага тэрміну палітвязню Мікалаю Дзядку, таксама больш строгі рэжым і пераслед у дачыненні да Мікалая Статкевіча, і вось, цяпер сітуацыя з Юрыем Рубцовым. Гэта пацвярджае, што ўлады не збіраюцца якім-небудзь чынам змяняцца ў бок лібералізацыі і дзейнічаць больш асцярожна ў дачыненні да палітвязняў, - сказаў праваабаронца.

- Цяпер Юрыю Рубцову пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Наколькі законнае прымяненне 415 артыкула ў прынцыпе?

- Артыкул, паводле якога яго збіраюцца судзіць, выклікае вельмі шмат пытанняў у беларускіх праваабаронцаў. Ён тычыцца, фактычна, прымусовай працы па месцы заключэння, што само па сабе з'яўляецца парушэннем правоў чалавека. Усё ж, такога кшталту праца павінна мець пэўныя гарантыі і правы ў адносінах да чалавека, які да яе прыцягваецца. Мы гэтага не бачым.

- І ніякага паслаблення ціску рэжыму на грамадзянскую супольнасць мы таксама не назіраем.

- На жаль, нягледзячы на шматлікія абяцанні аб паляпшэнні сітуацыі ў Беларусі, улады не збіраюцца памяншаць ціск на палітвязняў і на ўсю грамадзянскую супольнасць і на апанентаў улады.

Праваабаронца паведаміў, што цяпер Юрый Рубцоў хутчэй за ўсё знаходзіцца ў СІЗА ў Пружанах і суд таксама адбудзецца там. Калі ён адбудзецца, пакуль невядома.

- Калі распачатая крымінальная справа, то будуць праведзеныя пэўныя працэсуальныя дзеянні тымі следчымі, якія будуць яго яе разглядаць. Пасля справа будзе перададзеная ў суд і тады будзе прызначаная дата яго правядзення. Таму сама працэдура будзе цягнуцца некалькі тыдняў, а то і некалькі месяцаў, - удакладніў ён.

- Ці падзейнічаюць апошнія выпадкі ціску на палітвязняў на дыялог Лукашэнкі з Захадам?

- Вельмі важна, каб аб чарговым вітку пераследу Юрыя Рубцова ведала міжнародная супольнасць і палітыкі, бо беларускія ўлады зацікаўленыя ў паляпшэнні стасункаў з Еўразвязам з многіх прычын. Мне здаецца, тое, што ў Беларусі адбываецца пераслед грамадзянскіх актывістаў і апанентаў улады, можа паўплываць на гэтыя стасункі.

Нагадаем, 6 кастрычніка 2014 года суддзя Цэнтральнага раёна Менска Наталля Вайцяховіч пакарала Юрыя Рубцова 2,5 гадамі «хіміі», год адразу скасавалі паводле амністыі. Праваабаронцы адзначалі, што судовы працэс адбываўся са шматлікімі парушэннямі і што сапраўднай прычынай пераследу з'яўляецца грамадская дзейнасць. Пасля абвяшчэння прысуду праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў Юрыя Рубцова палітычным зняволеным.

Апошнія навіны