BE RU EN

Калгасы пачнуць выдаваць заробак прадуктамі

  • 3.04.2015, 12:38

Да 30% заробку можа быць выдадзена прадукцыяй аграпрамысловага комплексу.

Чытач charter97.org паведаміў, што ў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу ў Віцебскай вобласці - цяжкасці з выплатамі заробкаў. У выніку, заробак пачалі выдаваць натуральнымі прадуктамі. Прынамсі, управа ідэалагічнай працы Віцебскага аблвыканкама інфармуе раённыя газеты аб неабходнасці агітацыі насельніцтва і інфармавання аб тым, што іх чакае. Натуральна, з акцэнтам на тое, што гэта - у парадку рэчаў.

«У прадпрыемстваў мяса-малочнай прамысловасці імкліва знізіўся экспарт, таму шэраг арганізацый ужо цяпер маюць пратэрмінаваную запазычанасць па заробку. У выніку, кіраўнікам гаспадарак прапануецца аплачваць частку заробку прадуктамі», - піша чытач.

Са слоў начальніцы ўправы эканомікі камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама Анжэлы Нікіцінай, гэта ніяк не супярэчыць працоўнаму кодэксу.

«Выплата заробку натуральнымі прадуктамі прадугледжанае ва ўсіх нарматыўна-прававых актах, у тым ліку, у калектыўных дамовах. Натуральная аплата не павінна перавышаць 30% заробку», - сказала яна.

Нагадаем, апошнім часам многія прадпрыемствы пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. Так, толькі за пачатак сакавіка ў рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Менскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» ды іншыя.

Апошнія навіны