BE RU EN

Назарбаеў папрасіў прабачэння за вынікі «выбараў»

  • 27.04.2015, 19:16

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў папрасіў прабачэння перад назіральнікамі за высокія паказчыкі на выбарах.

«Мы жывем у адкрытых грамадствах, крытыка абавязкова будзе. Вось цяпер сустракаўся з назіральнікамі, кангрэсмэнамі, дэпутатамі з многіх краін. Яны таксама падкрэслівалі добрыя моманты. Я сказаў, што прашу прабачэння, што для супердэмакратычных дзяржаў гэтыя лічбы непрымальныя - 95% удзелу [выбарцаў], больш за 97% [галасоў] за мяне. Але я нічога не мог зрабіць. Калі б я ўмяшаўся, я быў бы недэмакратычным», - заявіў Нурсултан Назарбаеў на прэс-канферэнцыі ў Акордзе, паведамляе Tengrinews.kz.

Прадстаўнікі АБСЕ ўбачылі ў прэзідэнцкіх выбарах у Казахстане істотныя хібы, якія дапускаліся пры падліку галасоў і складанні пратаколаў, гаворыцца на сайце арганізацыі. Са слоў кіраўніка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека пры АБСЕ Карнеліі Ёнкер, назіральнікі зафіксавалі выпадкі ўкідвання бюлетэняў, піша РБК.

«Службовая асоба [Назарбаеў] і ягоная партыя дамінуюць у палітыцы, у краіне адсутнічае рэальная апазіцыя. У выбарцаў не было рэальнага выбару паміж палітычнымі альтэрнатывамі», - сказала Ёнкер.

Раніцай 27 красавіку ЦВК Казахстана абвясціў аб перамозе Назарбаева. Паводле звестак эксіт-полаў, яго падтрымалі 97,5% выбарцаў. Другое месца на выбарах заняў камуніст Тургун Сыздыков (1,6% галасоў), трэцяе - старшыня прафзвязаў рэспублікі Абельгазі Кусаінава (0,7%).

Мінулыя выбары кіраўніка дзяржавы былі пазачарговымі. У лютым перанесці галасаванне 2016 прапанавала Асамблея народа Казахстана. Яе чальцы патлумачылі, што «ў варунках нарастальнага сусветнага эканамічнага крызісу» прэзідэнту «трэба даць новы мандат агульнанацыянальнага даверу».

Назарбаеў з'яўляецца кіраўніком Казахстана з 1989 года. У 2010 годзе ён атрымаў тытул елбасы - лідара нацыі. Цяперашнія выбары сталі чацвёртай запар электаральнай кампаніяй, якая праводзіцца датэрмінова. На мінулых выбарах, у 2011 годзе, Назарбаеў набраў больш за 95% галасоў выбарцаў.

Апошнія навіны