BE RU EN

Для атрымання шэнгенскай візы беларусы будуць здаваць адбіткі пальцаў

  • 27.04.2015, 16:19

Беларусы з 23 чэрвеня для атрымання шэнгенскай візы павінны будуць у абавязковым парадку здаваць адбіткі пальцаў.

Пра гэта паведаміў 27 красавіка на прэс-канферэнцыі кіраўнік дэпартамента палітыкі, інфармацыі і прэсы прадстаўніцтва Еўрапейскага звязу ў Беларусі Рудольф Рышар, піша БелТА.

З 23 чэрвеня гэтага года консульства і амбасады краін Шэнгенскага пагаднення на тэрыторыі краін "Усходняга партнёрства", у тым ліку ў Беларусі, плануюць падлучыцца да візавай інфармацыйнай сістэмы (Віс). З увядзеннем Віс усе ахвотныя атрымаць візу ва ўзросце старэйшыя за 12 гадоў павінны будуць падаць біяметрычныя звесткі - адбіткі ўсіх пальцаў рук і лічбавую фатаграфію. Для гэтага заяўнікі павінны будуць з'явіцца ў пасольства асабіста.

Акрамя таго, у базу звестак візавай інфармацыйнай сістэмы ўносяцца імя заяўніка, грамадзянства, месца жыхарства, род заняткаў, нумар пашпарта, тып візы, якая запытваецца, месца прызначэння і працягласць меркаванай паездкі, краіна, мяжа краіны Шэнгенскага пагаднення, перасякаць якую плануецца ў першую чаргу ў рамках меркаванай паездкі і інфармацыя аб асобе, якая запрашае.

Біяметрычныя звесткі заяўніка будуць захоўвацца ў цэнтральнай базе звестак Віс цягам 59 месяцаў і выкарыстоўвацца пры апрацоўцы ўсіх наступных хадайніцтваў гэтага заяўніка на выдачу візы ў любым пасольстве або консульстве любой краіны Шэнгенскага пагаднення. Пасля сканчэння гэтага тэрміну пры падачы новага хадайніцтва на выдачу візы супрацоўнікі консульскай службы павінны будуць зноў унесці біяметрычныя звесткі заяўніка ў базу звестак Віс.

Ад абавязку здаваць адбіткі пальцаў вызваляюцца дзеці да 12 гадоў, асобы, якія фізічна не ў стане гэта зрабіць (пры адсутнасці пальцаў), кіраўнікі дзяржаў і чальцы ўрадаў, чальцы афіцыйных дэлегацый і іх мужы, якія выконваюць службовыя паездкі.

"Уладальнікі дыпламатычных пашпартоў не вызваляюцца ад здачы адбіткаў", - дадаў Рудольф Рышар.

Апошнія навіны