Вярхоўная Рада Украіны прыняла «спіс Саўчанкі»
- 27.04.2015, 16:06
Спікер Вярхоўнай Рады Уладзімір Гройсман падпісаў пастанову аб санкцыях супраць Расеі.
У гэтай пастанове Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны рэкамендуецца ўвесці персанальныя санкцыі ў дачыненні да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і шэрагу іншых асоб, якія маюць дачыненне да арышту і ўтрымання пад вартай украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, паведамляюць «Вести».
Усяго ў спіс уключаныя 35 чалавек. Акрамя Пуціна, сярод іх - кіраўнік Следчага камітэта РФ Аляксандр Бастрыкін, афіцыйны прадстаўнік СК Уладзімір Маркін, кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў, спікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін і іншыя, у тым ліку лідары самаабвешчаных ДНР і ЛНР.
У сваёй пастанове Рада звяртаецца да сусветнай супольнасці з просьбай далучыцца да санкцый супраць вышэйзгаданых персон. Таксама Гройсман падпісаў пастанову «Аб адпоры ўзброенай агрэсіі РФ», у якой дэпутаты прызналі 20 лютага 2014 г датай пачатку расейскай агрэсіі.
Надзея Саўчанка, якая служыла ў Добраахвотніцкім батальёне «Айдар», была захопленая ў палон прарасейскімі сепаратыстамі ў Луганскай вобласці мінулым летам і перапраўленая ў Расею. Яна знаходзіцца ў расейскім СІЗА з лета 2014 года. У снежні ўкраінка абвясціла галадоўку на знак пратэсту супраць затрымання. 5 сакавіка адвакаты Саўчанкі паведамілі, што яна наважыла часткова прыпыніць галадоўку, пасля 82 дзён. 11 сакавіка, адвакат украінкі паведаміў, што самаадчуванне ягонай падабароннай пасля частковай адмовы ад галадання не палепшылася. У сваю чаргу Саўчанка прыстрашыла зноў пачаць галадоўку, калі да яе не пусцяць украінскіх лекараў.
Надзея Саўчанка абраная народным дэпутатам Украіны паводле спісу партыі «Бацькаўшчына». Таксама яна з'яўляецца дэпутатам ПАРЕ.