BE RU EN

«БелАЗ» без кіроўцы ўпершыню выехаў на выпрабавальны палігон

  • 26.04.2015, 11:11

Самаскід можа перавозіць да 130 тон выкапняў, пры гэтым яму абсалютна не патрабуецца рука чалавека.

Вялікагруз працуе на маршруце, які зараней прарабілі яго родзічы, і кіруецца кампутарам. І гэта не адзіная з прэзэнтаваных распрацовак, перадае тэлеканал ОНТ.

На тое, каб навучыць велізарную машыну працаваць самастойна, канструктары завода аддалі шэсць гадоў. Спачатку перайшлі на дыстанцыйнае кіраванне, калі кіроўца ўсё ж удзельнічаў у працэсе, але на адлегласці. Ну, а цяпер БелАЗ можа самастойна заладоўваць і выладоўваць да 130 тон і выходзіць на самыя складаныя маршруты.

«У гэтым выпадку адсутнасцю ў патэнцыйнай зоне небяспекі чалавека мы тым самым падвышаем бяспеку вытворчасці за кошт выключэння небяспечных чыннікаў. Такіх як загазаванасць, запыленасць, не выключаныя і радыеактыўныя павышаныя фоны», - кажа Яўген Гучак, начальнік бюро электронных сістэм кіравання галоўнага канструктара Беларускага аўтамабільнага завода.

Упершыню паказалі і напарніка беспілотнага волата - самы вялікі ў гісторыі завода пагрузчык. Ва ўсякіх кар'ерных варунках яго коўш падыме да 22 тон і заладуе самаскід хутка, ашчадна, а значыць, і выгадна.

«Гэта ўнікальная канструкцыя, больш такой у свеце няма. З улікам таго, што сістэма дазваляе кіраваць кожным колам, у залежнасці ад таго, якая счэпная характарыстыка ў яго. Гэта дазваляе мець больш высокія цягавыя характарыстыкі і характарыстыкі, патрэбныя менавіта для ўгрызання ў грунт і набірання матэрыялу ў коўш», - распавёў Аляксандр Ягораў, генеральны канструктар Беларускага аўтамабільнага завода.

Першымі гледачамі ўнікальнага ў беларускім машынабудаванні экспэрымэнту сталі ўдзельнікі навукова-тэхнічнай канферэнцыі, якая праходзіць гэтымі днямі на прадпрыемстве - 300 экспэртаў, якія прадстаўляюць краіны ад блізкага замежжа да Лацінскай Амэрыкі.

Апошнія навіны