BE RU EN

ЖЭСы ў двух раёнах Менска знікнуць 1 траўня

  • 24.04.2015, 16:29

Другі месяц у Менску прадаўжаецца рэформа ЖКГ.

У Першамайскім раёне, напрыклад, колькасць кіраўнікоў скарацілася напалову. У офісах па вуліцы Кедышкі, 27 цяпер суседнічаюць не адна, а дзве структуры: ЖРЭА і КУП "Жыллёвая камунальная гаспадарка Першамайскага раёна". У адной замест 278 спецыялістаў засталося 93, у іншай - з'явілася 55. Разам: мінус 130 чалавек.

Гэта першы плюс распачатай з 1 сакавіка радыкальнай рэформы гарадской структуры ЖКГ. З 1 траўня ў Першамайскім раёне знікнуць 17 ЖЭСаў. Іх зменяць 7 жыллёва-эксплуатацыйных участкаў, аб'яднаўшы найлепшых і дасведчаных работнікаў, піша "Советская Белоруссия".

Заробак хаус-майстроў - ад 5,6 мільёна рублёў у месяц да 7,8 мільёна. Улічваецца якасць працы і памяншэнне скаргаў жыхароў. На другім месяцы рэформаў колькасць камунальных скаргаў і заявак у раёне зменшылася на 3-10 адсоткаў. Аднак галоўны вынік чакаецца ў наступным годзе, калі КУП "Жыллёвая камунальная гаспадарка Першамайскага раёна" правядзе тэндэры выбару падрадчыка.

- На тэндэр можа прыйсці хто заўгодна, - раскрывае правілы гульні Аляксандр Маневіч, дырэктар КУП "Жыллёвая камунальная гаспадарка Першамайскага раёна". - Лоты будуць прадстаўляць сабой пэўныя дзялянкі, напрыклад, жылы масіў у 200 дамоў агульнай плошчай 650 тысяч квадратных метраў. Прэтэндэнт будзе адказваць за ўсё: уборку, тэхабслугоўванне, стан тэрыторыі. А мы яму ўсталёўваем планава-разліковы кошт.

Да канца года рэфармуюць усе раёны Менска.

Апошнія навіны