BE RU EN

БАТЭ падолеў менскае "Дынама" ў матчы чэмпіянату Беларусі

  • 19.04.2015, 16:42

Сустрэча скончылася з лікам 2:0.

У цэнтральным матчы другога тура чэмпіянату Беларусі ў футболе сярод каманд вышэйшай лігі барысаўскі БАТЭ перамог на выездзе менскае "Дынама" з лікам 2:0, паведамляе БелТА.

Гульня, якая праходзіла на поле сталічнага стадыёна "Трактар", прайшла ў роўнай барацьбе, а мячы госці забілі ў выніку грубых памылак менчукоў у абароне. Спачатку някемлівасцю абаронцаў "Дынама" ўмела скарыстаўся Максім Валадзько, які адкрыў лік на 56-й хвіліне гульні, а яшчэ праз 20 хвілін ягоны поспех паўтарыў капітан барысаўцаў Віталь Радзівонаў, які закінуў у браму Васіля Хамутоўскага мяч пасля дакладнага пасу Ігара Стасевіча. Праз дзесяць дзён, 29 красавіка, гэтыя спаборнікі зноў сустрэнуцца на газоне "Трактара" ў другім паўфінальным паядынку розыгрышу Кубка Беларусі. 15 красавіка на полі "Барысаў-Арэны" ў першым кубкавым матчы БАТЭ і "Дынама" разышліся мірам - 0:0.

Пазней скончацца яшчэ тры матчы другога тура нацыянальнага першынства. Мазырская "Славія" на сваім полі прымае салігорскі "Шахцёр", у Бабруйску мясцовая "Белшына" гуляе з футбалістамі "Віцебска", а "Слуцк" у сябе дома сустракаецца з жодзінскім "Тарпеда-БелАЗам". Заключны паядынак тура адбудзецца ў панядзелак, 20 красавіка, - у Берасці мясцовае "Дынама" згуляе з "Менскам".

Напярэдадні ў стартавых гульнях гэтага тура забітых мячоў не было. Наваполацкі "Нафтан" у сябе дома разышоўся мірам з мікашэвіцкім "Гранітам", а футбалісты "Гомеля" не змаглі абыграць гасцей з гарадзенскага "Нёмана" - 0:0.

Апошнія навіны