BE RU EN

На Канскім кінафэсце пакажуць фільм з удзелам беларускіх актораў

  • 19.04.2015, 14:31

У праграму Канскага кінафэсту ўключаны французскі фільм, зняты з удзелам беларускіх актораў і кінакампаній.

Журы Канскага кінафестывалю прыняло пастанову аб уключэнні ў конкурсную праграму "Два тыдні рэжысёраў" 68-га Канскага кінафэсту фільма "Тры ўспаміны з маёй маладосці". Пра гэта паведаміў прадусар французскай кампаніі "У-Tween Production" Арно Фрыле на сустрэчы з беларускім паслом у Парыжы Паўлам Латушкам, піша БелаПАН.

Частка фільма здымалася ў кастрычніку 2014 года ў Менску. Прадусарам здымак у Беларусі выступіла "У-Tween Production". Паслугі кінавытворчасці стужкі былі выкананыя беларускімі кампаніямі: Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" і "Дэмарш-фільм".

Рэжысёрам і аўтарам сцэнара фільма з'яўляецца Арно Дэплешан. У галоўных ролях здымаліся Мацьё Амальрык, Квенцін Дольмэр, Дынара Друкарова. З беларускіх акотраў у здымках фільма ўзялі ўдзел Генадзь Фамін, Павал Адамчыкаў, Сяргей Тарасюк, Зінаіда Зубкова. Прэм'ера фільма ў Францыі запланаваная на 20 траўня.

Паводле паведамлення пасольства, падчас сустрэчы Латушка і Фрыле абмеркавалі перспектывы рэалізацыі з французскай кінапрадусарскай кампаніяй наступных кінапраектаў з прыцягненнем "Беларусьфільма".

Апошнія навіны