BE RU EN

Судна з сотнямі мігрантаў затанула ў Міжземным моры

  • 19.04.2015, 11:39

Судна з сотнямі мігрантаў на борце затанула ў Міжземным моры, вядзецца аперацыя іх выратавання.

Пра гэта паведамляе РІА Новости са спасылкай на выданне Times of Malta.

Паводле паведамлення, інцыдэнт адбыўся ў ноч з суботы на нядзелю ў 200 км на поўдзень ад італійскай выспы Лампедуза. Паводле папярэдніх звестак, на борце судна маглі знаходзіцца, прынамсі, 700 імігрантаў. На гэты момант вядома, што з вады ўдалося дастаць амаль 30 чалавек. Аперацыя ў выратаванні прадаўжаецца.

Адзначаецца, што ў Італію штодня па моры прыбываюць сотні выхадцаў з краін Паўночнай Афрыкі. Толькі цягам апошняга тыдня ў сіцылійскім праліве былі выратаваныя 11 тысяч чалавек, адзначаюць італійскія СМІ.

Многія імігранты, якія дабіраліся да італійскага берага на чоўнах з Лібіі, церпяць бедства і гінуць. Паводле звестак Управы Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у справах бежанцаў, з пачатку года ў Міжземным моры загінулі 950 чалавек.

Апошнія навіны