ЕЗ мерыцца пералічыць Украіне першую рату крэдыту да лета
- 15.04.2015, 15:32
Еўразвяз закончыў працэдуру фармальнага ўхвалення новай праграмы макрафінансавай дапамогі Украіне на суму 1,8 млрд еўраў.
Як адзначылі ў прэс-службе, адпаведную пастанову падпісалі прэзідэнт Еўрапарламэнта Марцін Шульц і парламенцкі дзяржсакратар у пытаннях еўрапейскіх спраў Занда Калнінья-Лукашэвіч, піша "Інтэрфакс-Украіна".
Паведамляецца, што Еўракамісія спадзяецца закончыць перамовы на працягу некалькіх тыдняў з тым, каб першую рату дапамогі на 600 млн еўраў можна было даць Кіеву яшчэ да лета.
"ЕЗ і Украіна цяпер павінны ўзгадніць мэмарандум аб узаемным разуменні. Камісія спадзяецца закончыць гэты працэс найбліжэйшымі тыднямі, з тым каб выплаціць першую рату на суму 600 млн еўраў да летніх вакацый" - гаворыцца ў паведамленні.
Новая праграма дапамогі, прапанаваная Еўракамісіяй 8 студзеня, стане трэцяй праграмай для Украіны.
Макрафінансавая дапамога будзе давацца трыма ратамі: першыя дзве будуць выплачаныя да канца 2015 года, трэцяя – на пачатку 2016 года.
Нагадаем, 31 сакавіка Еўракамісія прыняла пастанову выдаць Украіне апошнюю рату на суму 250 млн еўраў у рамках першай праграмы макрафінансавай дапамогі (610 млн еўраў). Паводле звестак Еўракамісіі, Украіна атрымала 1,36 млрд еўраў макрафінансавай дапамогі ў 2014 годзе і павінна атрымаць дадатковыя 250 млн еўраў у красавіку 2015 года.
Фота: Тelegraf