BE RU EN

Віцебск застаўся без галоўнага ідэолага

  • 15.04.2015, 15:21

У гарвыканкаме адбыліся змены, аб якіх чыноўнікі чамусьці не ўважаюць за патрэбнае паведамляць жыхарам Віцебска.

З пераліку намеснікаў старшыні гарвыканкама знікла прозвішча Уладзіміра Шломы, які займаўся пытаннямі адукацыі, спорту, турызму, ідэалогіі, культуры, справамі моладзі. І запомніўся негатыўным стаўленнем да дэмакратычных актывістаў, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

Да асобы Уладзіміра Шломы ў жыхароў Віцебска ўвага асаблівая. Напрыклад, ён быў удзельнікам гучных падзей вакол звальнення з працы настаўніцы найвышэйшай катэгорыі, маці былога палітвязня, віцебскай актывісткі Таццяны Севярынец. Тады, у 2007 годзе, Уладзімір Шлома працаваў загадчыкам Першамайскага раённага аддзела адукацыі. Паводле звестак незалежных СМІ, на працы ў гэтым райаддзеле спадар Шлома апынуўся, нават не скончыўшы ВНУ. А неўзабаве пасля звальнення Таццяны Севярынец ён атрымаў падвышэнне - яго перавялі працаваць начальнікам гарадскога аддзела адукацыі.

У 2011 годзе Уладзімір Шлома атрымаў новае прызначэнне - стаў намеснікам старшыні гарвыканкама, быў куратарам аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі, камісіі спраў непаўналетніх, ўправы працы, занятасцi i сацыяльнай абароны. У гэтай якасці ён запомніўся шмат якім віцебскім актывістам, бо неаднаразова забараняў правядзенне масавых акцый. З гэтай нагоды мясцовыя прадстаўнікі апазіцыі спрабавалі судзіцца, але ў суд Уладзімір Шлома не з'яўляўся, спасылаючыся на занятасць. А забароны праводзіць акцыі аргументаваў пастановай Віцебскага гарвыканкама, згодна з якой заяўнікі павінны зараней падаваць органу мясцовай улады дамовы на абслугоўванне акцый. Укласці такія дамовы ні з медыкамі, ні з міліцыяй было немагчыма, а змяніць гэты пункт пастановы гарвыканкама чыноўнікі, і сярод іншых, спадар Шлома, катэгарычна адмаўляліся.

Прасцей кажучы, спадар Шлома асабіста датычны да таго, што з 2008 года ў Віцебску не было дазволена ніводнай масавай акцыі з ініцыятывы дэмакратычных актывістаў.

На пасадзе намесніка старшыні гарвыканкама Уладзімір Шлома далей публічна канфліктаваў з актывісткай Таццянай Севярынец. Так, дазваляў сабе некарэктныя выказванні падчас абмеркавання праблемы будаўніцтва паліклінікі ў віцебскім мікрараёне "Білева", узнятай каардынатаркай аргкамітэту для стварэння партыі БХД.

Пэўны час таму ў Віцебску з'явілася інфармацыя, што Уладзіміра Шлому адправілі ў адстаўку. Аднак афіцыйнага пацверджання гэтаму няма - перш за ўсё таму, што гарадскія ўлады чамусьці не ўважаюць за патрэбнае інфармаваць гараджан пра змены ў складзе кіраўніцтва горада. І пра тое, што такія змены ёсць, сведчыць толькі сайт гарвыканкама: на ім больш няма згадак пра спадара Шлому ў якасці намесніка старшыні, і адсутнасць фатаграфіі чыноўніка можа азначаць толькі тое, што пасада пакуль застаецца незанятай.

Апошнія навіны