BE RU EN

Пятро Парашэнка: Для таго, каб спыніць агрэсара, патрэбныя міратворцы ААН

  • 1.04.2015, 21:44

Украіна вядзе барацьбу за свабоду і дэмакратыю ўсёй Еўропы, прымаючы на сябе львіную долю ўдару агрэсара.

Пра гэта прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў на сустрэчы з дэлегацыяй былых лідэраў дзяржаў, якія ўваходзяць у Раду Міжнароднага цэнтра Нізамі. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, паведамляе УНІАН.

Як адзначаецца ў паведамленні, у сустрэчы ўзялі ўдзел прэзідэнт Румыніі (1996-2000) Эміль Канстанцінэску, прэзідэнт Рэспублікі Малдова (1997-2000) Пятро Лучынскі, прэзідэнт Латвіі (2007-2011) Валдзіс Затлерз, прэзідэнт Украіны ў 1991-1994 гадах Леанід Краўчук, прэзідэнт Украіны ў 2005-2010 гадах Віктар Юшчанка, дарадца ААН у пытаннях пасярэдніцтва ў развязванні канфліктаў Анцье Гербэрг, выканаўчы сакратар Міжнароднага цэнтра Нізамі Гянджаві Раўшан Мурадаў.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў прэзідэнтам за іхні візіт ва Украіну і падкрэсліў важнасць для ўсяго свету салідарнасці і адзінства з Украінай у яе барацьбе з агрэсарам.

Парашэнка таксама адзначыў, што «Украіна робіць усё магчымае, каб дасягнуць міру, і вядзе барацьбу за свабоду і дэмакратыю ўсёй Еўропы, прымаючы на сябе львіную долю ўдару агрэсара».

«Калі мы хочам спыніць агрэсара - нам патрэбная падтрымка міратворчай місіі пад эгідай ААН», - адзначыў Парашэнка.

У часе сустрэчы адбыўся абмен думкамі і пошук шляхоў мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе з залучэннем шырокага досведу і магчымасцяў усіх міжнародных арганізацый і інстытутаў.

«Ніхто ў Еўропе не прызнае анэксію Крыма, а канфлікт на Данбасе з'яўляецца вайной Расеі супраць Украіны. Я таксама бачу выйсце з сітуацыі толькі праз залучэнне міжнароднай міратворчай місіі», - сказаў былы прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерз. Кажучы пра санкцыі ў дачыненні да Расеі, ён адзначыў: «Напярэдадні санкцый наша краіна баялася, што яны негатыўна паўплываюць на нашу эканоміку таксама. Але пасля таго як санкцыі былі ўведзеныя, нашы людзі зразумелі, што нам патрэбны супакой у Еўропе. І плата за гэты супакой - санкцыі», - сказаў былы прэзідэнт Латвіі.

Прэзідэнты таксама дамовіліся аб тым, што санкцыі супраць краіны-агрэсара з'яўляюцца першым і сапраўдным іспытам на прыхільнасць вартасцям свабоды і дэмакратыі і што яны ў варунках адсутнасці прагрэсу ў дээскалацыі на ўсходзе Украіны і вызваленні Крыму павінны быць працягнутыя і ўзмоцненыя.

На сустрэчы таксама былі міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін, намеснік кіраўніка АПУ Валерый Чалы, Упаўнаважаны прэзідэнта Украіны ў мірным урэгуляванні сітуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях, народная дэпутатка Украіны Ірына Герашчанка.

Апошнія навіны