BE RU EN

Леанід Злотнікаў: Абрынанне вонкавага гандлю - гэта надоўга

  • 1.04.2015, 15:07

Цяжкая эканамічная сітуацыя, у якую трапіла Беларусь, можа зацягнуцца на дзесяцігоддзі, мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Паводле звестак Белстата, абарачэнне вонкавага гандлю таварамі Беларусі ў студзені-лютым 2015 у параўнанні са студзенем-лютым 2014-га зменшылася на 30,2%, экспарт - на 29,4%, імпарт - на 30,9%.

Эканаміст Леанід Злотнікаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» адзначыў, што абрынанне абарачэння вонкавага гандлю звязанае адразу з некалькімі фактарамі.

Па-першае, падзенне экспарту прадукцыі машынабудавання і арганічнай хіміі назіраецца цягам апошніх 2,5 гадоў у сувязі з яе неканкурэнтаздольнасцю. Па-другое, абрынанне абарачэння з'яўляецца вынікам дэвальвацыі (перш за ўсё - у Расеі), якая пагоршыла ўмовы вонкавага гандлю.

«Безумоўна, значны спад выкліканы перш за ўсё фактарам дэвальвацыі. Тым больш, калі браць з 1 студзеня 2014 года, дэвальвацыя беларускага рубля была менш глыбокай, чым дэвальвацыя расейскага рубля. Гэта значыць, адмоўны эфект дэвальвацыі расейскага рубля не быў пераадолены беларускай дэвальвацыяй», - кажа экспэрт.

Але, са слоў Злотнікава, базавай прычынай абрынання вонкавага гандлю з'яўляецца ўсё ж такі адсутнасць эканамічнага росту ў Беларусі і Расеі. Прычым у Расеі эканамічныя паказчыкі пачалі падаць яшчэ да ўвядзення санкцый Захаду, звяртае ўвагу эканаміст.

«Гэта такая базавая эканамічная прычына: тое, што і расейская эканоміка, і беларуская трапілі ў так званую пастку сярэдняга даходу - гэта значыць, што абедзве краіны папалі ў сітуацыю, калі выпускаць сучасную высокатэхналагічную прадукцыю яны не могуць, бо ў гэтай галіне яны не канкурэнтаздольныя ў параўнанні з развітымі краінамі, а выпускаць прадукцыю менш тэхналагічную, той самай лёгкай прамысловасці, то тут нашы краіны не могуць канкураваць з краінамі, якія развіваюцца - Кітаем, Індыяй або Бразіліяй», - кажа Леанід Злотнікаў.

Падзенне экспарту ў сваю чаргу вядзе да падзення валютных даходаў краіны.

Хуткага аднаўлення ўзроўню вонкавага гандлю Злотнікаў не прагназуе: «Калі казаць пра пастку сярэдняга даходу, то выходзяць з гэтай пасткі дзесяцігоддзямі. То бок, гэта вельмі ўстойлівае падзенне канкурэнтаздольнасці».

Апошнія навіны