BE RU EN

У Магілёве вандалы зноў пашкодзілі бюст Тараса Шаўчэнкі

  • 1.04.2015, 11:29

Другі раз за год невядомыя сарвалі літары з пастамента.

У Магілёве зноў пашкоджаны бюст Тараса Шаўчэнкі. Заяву ў міліцыю аб чарговым акце вандалізму напісаў намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, які заўважыў пашкоджанне. Ён просіць міліцыянтаў правесці праверку ў сувязі з актам вандалізму, абавязаць адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Магілёва ўсталяваць відэакамеры ўздоўж набярэжнай Дняпра, а таксама ўзмацніць ахову бюста Шаўчэнкі, паведамляе «Еўрарадыё».

Нагадаем, мінулы раз літары з пастамента вандалы знялі ў студзені, напярэдадні Дня саборнасці Украіны.

Бюст Тарасу Шаўчэнку быў усталяваны на ўзбярэжжы Дняпра ў Магілёве на ініцыятыву мясцовай дыяспары ўкраінцаў у 2005 годзе. На адкрыцці прысутнічала вялікая дэлегацыя з Украіны, кіраўніцтва Магілёўскай вобласці і горада. Каля помніка традыцыйна збіраюцца мясцовыя ўкраінцы, запальваюць свечкі.

Апошнія навіны